Усяго два тыдні таму гэты экіпаж камбайнераў ушаноўвалі як першых тысячнікаў на ўборцы збожжавых культур на Бабруйшчыне, яшчэ праз тыдзень – як лідараў-двухтысячнікаў. Учора, 23 жніўня, механізатары СВК «Гігант» Алег Вяроўкін і яго памочнік Максім Быкаў зноў прымалі віншаванні на жніве-2022.

Гэтым разам кіраўнік выканаўчай улады раёна Аляксандр Сухадольскі, лідары прафсаюзных арганізацый Віталь Сідзюк і Надзея Дудаль адправіліся на поле паблізу вёскі Бірча, каб павіншаваць гэты згуртаваны перадавы тандэм з заваяваннем запаветнай мяжы па намалоце ў 3000 тон збожжа.

Вітаючы найлепшых хлебаробаў з пажаданнямі далейшых працоўных поспехаў, Аляксандр Сухадольскі адзначыў:

– Трэцяе месца ў вобласці сярод трохтысячнікаў – вялікае дасягненне, спалучанае з вялікай працай, неймавернай нагрузкай на людзей і на тэхніку. Гэтыя тысячы проста так не даюцца. З дня ў дзень працаваць дапазна, а ранняй раніцай, старанна падрыхтаваўшы камбайн, настойліва і мэтанакіравана ісці да чарговай мэты... «Лексион-760», на якім вось ужо трэці раз за восем гадоў механізатары, якія сядзелі за яго штурвалам, дасягаюць трохтысячнай адзнакі, працягвае доблесна крочыць па палях дзякуючы клапатлівым рукам іх гаспадароў. Калі б не здарыліся на днях невялікія паломкі камбайна, цалкам магчыма, Алег і Максім былі б першыя сярод трохтысячных адзнак на Магілёўшчыне. Дзякуючы такім надзейным, верным свайму прызванню паважаным працаўнікам, ды і ўсім, хто прымае актыўны ўдзел у жніве, перажываючы за агульную справу, мы павінны паспяхова выканаць пастаўленую задачу – намалаціць у бункернай вазе 38 тысяч тон збожжа.

Перадавікі жніва Вяроўкін і Быкаў, стаж працы кожнага з якіх у гаспадарцы складае больш за паўтара дзясятка гадоў, пацвердзілі, што настроеныя па-баявому і спыняцца на дасягнутым не збіраюцца.

Кіраўнік «Гіганта» выказаў упэўненасць у тым, што ў будучай уборачнай кампаніі можна разлічваць на яшчэ больш высокі вынік, а значыць, на лабавым шкле сельгасмашыны таксама ганарліва будзе красавацца лічба, толькі наміналам вышэйшая. А імёны напэўна будуць тыя ж. На думку Васіля Жука, словам, справай і выніковымі лічбамі «Гігантаўцы» памнажаюць славу і традыцыі прадпрыемства.

– Добрасумленнасць і адказнасць – дзве галоўныя якасці, якія ўласцівыя нашым працаўнікам і вызначаюць поспех па забеспячэнні харчовай праграмы краіны. Сённяшняя падзея – не проста шчаслівая выпадковасць. Гэта ў ліку іншага разумны падыход да земляробства, насеннага матэрыяла, угнаенняў і, вядома ж, вялікая любоў да роднага краю, якая выяўляецца ва ўдарнай працы на агульны вынік.

tribunapracy.by