RU BY EN 中文
Instagram

У Беларусі пачалі бясплатна вакцынаваць супраць віруса папіломы чалавека дзяўчынак 11 гадоў

У Беларусі пачалі бясплатна вакцынаваць супраць віруса папіломы чалавека (ВПЧ) дзяўчынак 11 гадоў. Аб гэтым паведаміла журналістам намеснік галоўнага ўрача эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Дашкевіч.

Паводле яе слоў, вакцына з учарашняга дня пачала паступаць ва ўстановы аховы здароўя. На бясплатнай аснове вакцынаваць цяпер будуць дзяўчынак 11 гадоў. Курс вакцынацыі складаецца з дзвюх прышчэпак інтэрвалам шэсць месяцаў. Вакцына ўводзіцца ўнутрымышачна ў мышцу пляча.

Вакцынацыя супраць інфекцыі, выкліканай ВПЧ, унесена ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак з 2025 года. Забяспечана пастаўка вакцыны Сecolin. Гэта рэкамбінантная бівалентная вакцына, вырабленая з вычышчаных вірусападобных часцінак ВПЧ тыпаў 16 і 18.

У першай дэкадзе кастрычніка сем'і, у якіх выхоўваюцца дзяўчынкі 11 гадоў, будуць запрошаны на вакцынацыю. Прышчэпка будзе праведзена бясплатна ў медкабінетах устаноў адукацыі. Па жаданні вакцынацыю можна прайсці ў паліклініках.

"Работа над удасканаленнем нацыянальнага календара прышчэпак праводзіцца на сістэмнай аснове. Гэта работа комплексная, у час якой ацэньваюцца эпідэміялагічная сітуацыя па інфекцыйных захворваннях, вакцыны, якія ёсць у свеце, у частцы іх эфектыўнасці і бяспекі, фармакаэканамічная эфектыўнасць укаранення той ці іншай вакцыны", - сказала Ала Дашкевіч.

Намеснік галоўнага ўрача выказала надзею, што ў перспектыве за кошт бюджэту будуць прышчапляць дзяўчынак і іншага ўзросту. Па такім прынцыпе ішлі іншыя краіны, паступова пашыраючы магчымы ўзрост для вакцынацыі. Гэта дазваляе ахапіць максімальную колькасць дзяўчынак вакцынацыяй супраць ВПЧ.

Пры гэтым ёсць магчымасць прышчапляцца за кошт уласных сродкаў. Бацькі дзяўчынак больш старэйшага ўзросту або маладыя жанчыны могуць звяртацца ў арганізацыі аховы здароўя для атрымання прышчэпкі за кошт уласных сродкаў.

Прышчэпкі супраць ВПЧ пачалі паступаць па ўсёй краіне, дадала Ала Дашкевіч. Калі ў арганізацыі аховы здароўя на гэты момант пакуль няма вакцыны, можна напісаць заяву або звярнуцца да ўчастковай медсястры (сістэма ў розных арганізацыях аховы здароўя арганізавана па-рознаму) і пакінуць заяўку, якая сведчыць аб жаданні прышчапіцца той ці іншай вакцынай.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая