RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У бялыніцкіх магазінах шырокі асартымент прадуктаў і даступныя цэны – дэпутат

Парламентарыі сумесна з прафсаюзамі працягваюць маніторыць цэны на сацыяльна значныя тавары. Сёння ў Бялынічах некалькі гандлёвых аб’ектаў наведалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Андрэй Ганчук і старшыня Бялыніцкага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, Святлана Патапчык.

Першая гандлёвая кропка на маршруце – «Бакалея» па вуліцы Ленінскай. Зручнае месцазнаходжанне – цэнтр горада, зручны графік працы – з 8 раніцы да 8 вечара. Адпаведна, наведвальнікаў заўсёды дастаткова. Па словах загадчыцы магазіна Людмілы Хрушчовай, на дзень тут абслугоўваюць каля 300 чалавек: «Самы хадавы тавар – малочныя прадукты, хлебабулачныя вырабы, бяруць людзі і рыбу, курыцу, каўбасу. Увогуле, усяго патроху. Хоць, была справа, у пачатку вясны змяталі з паліц соль і цукар. Але гэта не стварыла нам праблем – мы тут жа давезлі гэтыя тавары».

– Сёння тут не назіраецца ні ажыятажнага попыту, ні неабгрунтаванага росту цэн, – адзначыў, вывучыўшы абстаноўку, цэны і асартымент прадстаўленай у гандлёвым пункце прадукцыі парламентарый Андрэй Ганчук. – У «Бакалеі» ў наяўнасці розныя віды круп, мясных вырабаў, шырокі выбар хлебабулачных вырабаў. Увогуле, вялікі асартымент беларускіх тавараў, якія таннейшыя за імпартныя. А максімальная цана, да прыкладу, на сланечнікавы алей ніжэйшая, чым мінімальная на яго ў Мінску – я нядаўна як абывацель маніторыў сталічныя харчовыя магазіны.

Асартымент хлебабулачных вырабаў напярэдадні Вялікадня пашырыўся – у «здобным» аддзеле ўжо можна набыць кулічы і булкі. Дадалі і спадарожных тавараў, якія ў гэтыя дні карыстаюцца павышаным попытам: прысыпкі, ванілін, разрыхляльнік цеста папулярныя ў гаспадынь, якія магазіннай выпечцы аддаюць перавагу хатнюю. У наяўнасці таксама харчовыя фарбавальнікі для яек, велікодныя налепкі.

– У «Бакалеі» цэны не толькі на алей, але і на шэраг іншых тавараў ніжэйшыя, чым у сеткавых супермаркетах, – звяртае ўвагу Святлана Патапчык. – Да прыкладу, цукар па акцыі, што працягнецца да канца месяца, тут прадаюць усяго 2 рублі 40 капеек за кілаграм. У асартыменце ёсць белы пясок некалькіх беларускіх вытворцаў, самая дарагая пазіцыя – 2 рублі 50 капеек. У той час як у іншых гандлёвых кропках кошт цукру – да 2 рублёў 78 капеек за кіло.

Як паказаў маніторынг, у гандлёвым пункце «Родны кут», што на вуліцы Савецкай, з асартыментам поўны парадак. У наяўнасці ўвесь пералік прадуктаў, якія абавязаны быць у краме: мяса, рыба, крупы, кансервы, хлебабулачныя вырабы, гародніна і садавіна. Прыемна радуе, што адпускныя гандлёвыя надбаўкі на гародніну і садавіну ўсталяваны нават ніжэй за рэкамендаваныя гранічныя максімальныя гандлёвыя надбаўкі МАРГ.

– Цэны на прадукцыю, якая вырабляецца ў краіне, павінны быць прагназуемымі і даступнымі для ўсіх катэгорый грамадзян, – падсумоўвае Андрэй Ганчук. – Удзельнічаючы ў грамадскім маніторынгу, мы дапамагаем кантраляваць выкананне гэтых патрабаванняў, і падобныя рэйды па гандлёвых кропках будуць працягнутыя.

СБ

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая