RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Бялыніцкім раёне школьнікі дапамагаюць ва ўборцы ўраджаю яблыкаў

У СВК «Калгас «Радзіма» Бялыніцкага раёна школьнікі дапамагаюць ва ўборцы ўраджаю яблыкаў. За змену дзеці прыбіраюць каля 12 т садавіны. Пра гэта расказаў намеснік старшыні СВК Міхаіл Скусаў.

Як адзначыў Міхаіл Скусаў, дапамога школьнікаў ва ўборцы яблыкаў тут ужо стала традыцыяй. «Падчас збору ўраджаю з намі працуюць школьнікі з моманту стварэння саду –ужо больш за 10 гадоў, – адзначыў ён. – За сваю працу дзеці атрымліваюць заработную плату. Гэта таксама пэўны стымул. Акрамя таго, наша прадпрыемства на працягу года забяспечвае школьнікаў карыснай садавінай».

Плошча фруктовага саду ў СВК займае 70 га, тут вырошчваюць 6 гатункаў яблыкаў беларускай селекцыі. У працы дапамагаюць школьнікі Вішоўскай сярэдняй школы –штодня гэта 35–40 чалавек. Дзеці збіраюць плады, якія адпраўляюць на перапрацоўку. А тым, хто старэйшы, давяраюць здымаць яблыкі з дрэў.

«Мы ніколі нікога не прымушаем да такой працы –нашы дзеці самі запісваюцца. Звяраем расклад, атрымліваем дазвол ад бацькоў –і дзеці пасля школы адпраўляюцца ў сад. Іх забірае аўтобус гаспадаркі, суправаджаюць настаўнікі, – расказала дырэктар Вішоўскай сярэдняй школы Кацярына Зайцава. – Да работ прывабліваем падлеткаў з 14 гадоў, акрамя выпускных класаў. У гэтым годзе вучні 11-га класа з’ездзілі ўсяго раз на ўборку ўраджаю».

Па словах дырэктара ўстановы адукацыі, у школе заўсёды шмат увагі надавалі працоўнаму выхаванню. «Напэўна, таму 90% супрацоўнікаў СВК «Калгас «Радзіма»– гэта выпускнікі нашай школы. Вучні не баяцца працы. З пачатковай школы мы замацоўваем за кожным класам участак на тэрыторыі СШ –дзеці дапамагаюць падтрымліваць парадак, даглядаюць кветнікі, а па восені дапамагаюць ва ўборцы лісця, – падзялілася дырэктар. – У школьнікаў ёсць магчымасць зарабіць сабе капеечку на кішэнныя расходы–гэта добры стымул. Акрамя таго, для школы такое супрацоўніцтва таксама вялікі плюс –на нашых сталах заўсёды ёсць свежая і карысная садавіна».

У СВК «Калгас «Радзіма» сёлета плануюць закласці на захоўванне каля 260 т яблыкаў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая