RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Чэрыкаўскім раёне перапахавалі астанкі байца Чырвонай Арміі

Астанкі чырвонаармейца Міхаіла Градусава, знойдзеныя ў Эстоніі, перапахавалі сёння ў вёсцы Зоры Чэрыкаўскага раёна. Як адзначылі сваякі салдата, асабліва важна, што іх продак вярнуўся на радзіму напярэдадні Дня Перамогі.

Міхаіл Градусаў нарадзіўся ў 1920 годзе ў вёсцы Зоры Чэрыкаўскага раёна, у 1941 годзе быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Уваходзіў у склад 98-й стралковай дывізіі Ленінградскага фронту. У 1943 годзе быў узнагароджаны медалём «За абарону Ленінграда», а ў лютым 1944 года–медалём «За баявыя заслугі». Ён загінуў у ліпені 1944 года на левым беразе ракі Нарва ў Эстоніі.

Урачыстая цырымонія перапахавання адбылася на грамадзянскіх могілках у вёсцы Зоры. Астанкі пахавалі ў брацкай магіле, дзе ўжо пахаваныя чатыры безыменныя салдаты.

«Мой бацька расказваў, што тады ім прыйшла пахаванка. Усе ведалі, што наш Міхаіл загінуў, але ніхто не чакаў, што праз столькі гадоў мой дзядзька вернецца на радзіму», – падзяліўся пляменнік загінулага салдата Уладзімір Градусаў.

Астанкі байца Градусава былі знойдзеныя ў 2020 годзе пошукава-гістарычным аб’яднаннем «Веронія». Па нумары медаля «За баявыя заслугі», якізнайшлі разам з астанкамі, пошукавікі змаглі ўстанавіць салдата. «У нас у альбоме захавалася ўсяго адна яго фатаграфія. Але мы ніколі не забывалі пра яго. Надзеі на тое, што яго аднойчы знойдуць, у нас не было. Падчас Вялікай Айчыннай вайны загінулі мільёны. Калі з намі звязаліся і сказалі, што знайшлі дзядзьку, пыталіся, дзе правесці перапахаванне. Я вырашыў, што праз столькі гадоў салдату трэба вярнуцца дадому», – адзначыў Уладзімір Градусаў.

Разам з астанкамі чырвонаармейца пошукавікі знайшлі 2 медалі, сталёвы шлем і сталёвы ахоўны панцыр. Гэтыя знаходкі перадалі ў Чэрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей – яны дапоўнілі наяўную экспазіцыю.

«Мы сёння вязём на могілкі героя. Для нас з вамі, сённяшніх пакаленняў, усе, хто набліжаў перамогу, хто аддаў сваё жыццё за яе, – сапраўдныя героі. Яны выкладалі нам самы важны ўрок–па захаванні міру на зямлі. І мы з вамі не маем права забываць гераічныя старонкі нашай гісторыі, мы павінны берагчы памяць пра тых, хто даў нам магчымасць зараззвацца беларусамі», – падкрэсліла падчас урачыстай цырымоніі старшыня Чэрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў Анжэла Новікава.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая