RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Дашкаўскай школе Магілёўскага раёна плануюць правесці тэлемост з навучэнцамі з Узбекістана

Багаты матэрыял па гісторыі роднага краю маецца ў школьным музеі Дашкаўскай сярэдняй школы. Адзін з раздзелаў прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне і баявому шляху 385-ай Крычаўскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава II ступені стралковай дывізіі, якая вызваляла Дашкаўку ў чэрвені 1944 года.

Калектыў школы актыўна супрацоўнічае з землякамі і сваякамі байцоў гэтай дывізіі. Так, гэтым летам удалося звязацца са сваякамі Героя Савецкага Саюза Шадзі Шаімава, які загінуў у чэрвені 1944 года, вызваляючы Дашкаўку.

– Мы правялі відэаканферэнцыю з Узбекістанам, у ходзе якой даведаліся, што ўсе гэтыя гады сваякі салдата марылі наведаць яго магілу, прывезці жменю роднай узбекскай зямлі, а таксама аддаць даніну павагі загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, – расказала настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алена Хадановіч.

На радзіме памятаюць пра подзвіг героя. У музеі, размешчаным у парку Перамогі ў Ташкенце, адноўлены момант рукапашнай сутычкі Шадзі Шаімава з немцамі. У родным горадзе Шахрызабз устаноўлены бюст герою, а школа, дзе ён вучыўся, названа ў яго гонар.

Інабат Айдзін Нармурадава, пляменніца Шадзі Шаімава, дала клятву сваёй маці пабываць на магіле дзядзькі.

– Мы будзем рады сустрэчы з гасцямі з Узбекістана. Нам ёсць што паказаць, расказаць пра подзвіг байцоў 385-ай Крычаўскай стралковай дывізіі, – дадала Алена Хадановіч.

У Дашкаўскай сярэдняй школе адзначылі, што ў верасні плануецца правесці тэлемост з навучэнцамі Шахрэзабзскай школы і расказаць ім пра подзвіг іх земляка.

pniva.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая