RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У дзень 79-й гадавіны трагедыі в. Боркі ля мемарыяльнага комплексу прайшоў мітынг-рэквіем

Сёння ля мемарыяльнага комплексу «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны памяці жыхароў вёскі Боркі, жывымі спаленых нямецка-фашысцкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Міхаіл Гулы, старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Слабоднікава, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Казека, дэлегацыі працоўных калектываў, прадстаўнікі раённых структур грамадскіх аб’яднанняў, духавенства, моладзь.

У імя памяці аб ахвярах вайны адбылося ўскладанне кветак, метраном адлічыў хвіліну маўчання.

Звяртаючыся да прысутных, кіраўнік раёна Міхаіл Гулы адзначыў, што Вялікая Айчынная вайна пакінула шмат месцаў смутку на нашай беларускай зямлі. Сотні вёсак і пасёлкаў былі па-варварску знішчаны гітлераўскімі захопнікамі. У агні вайны згарэлі жыцці і лёсы кожнага трэцяга беларуса.

Мы заўсёды будзем памятаць пра трагедыю, якая адбылася 15 чэрвеня 1942 года ў в. Боркі, калі фашысцкія карнікі знішчылі больш за 2 тысячы мірных жыхароў.

Міхаіл Гулы прывёў словы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, сказаныя падчас адкрыцця мемарыяльнага комплексу «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» ў чэрвені мінулага года: «Кожныя новыя пакаленні беларусаў мы будзем гадаваць, перадаючы ім памяць не толькі пра подзвігі іх продкаў, але і пра боль, які зрабіў наш народ мацнейшым, навучыў берагчы мір, спакой. Беларусь будзе памятаць, каб і іншыя краіны не забывалі, хто заплаціў за Вялікую Перамогу самую вялікую цану, вызваліў заваяваныя гітлераўскай Германіяй землі і выратаваў народы ад генацыду».

«Мы нізка схіляем галовы перад памяццю нявінных ахвяр фашызму, смуткуем і памятаем пра іх. Вечная памяць тысячам спаленых, расстраляных, закатаваных ахвяр той страшнай, незабыўнай вайны!», – завяршыў сваю прамову Міхаіл Гулы.

Вучаніца СШ №2 ім. К. П. Арлоўскага Дар’я Ганчарова ад імя моладзі Кіраўшчыны заклікала ўсіх берагчы мір і спакой на зямлі.

На фоне скульптурнай кампазіцыі «Беларусь – Журботная маці» навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў паказалі літаратурна-пластычную кампазіцыю па паэме «Марыйка» Алеся Казекі, у якой знайшлі сваё ўвасабленне эпізоды Боркаўскай трагедыі.

Жалобную памінальную літыю па спаленых жыхарах в. Боркі адслужыў настаяцель Свята-Пакроўскага храма протаіерэй Дзімітрый Первій.

kirovsk.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая