RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Касцюковіцкім раёне закладуць лясны гадавальнік прадукцыйнасцю 5,5 млн саджанцаў на год

У Касцюковіцкім раёне закладуць лясны гадавальнік прадукцыйнасцю 5,5 млн саджанцаў на год. Пра гэта расказаў дырэктар лесагаспадарчай установы Міхаіл Касмачоў.

«Новы гадавальнік з’явіцца ў Бялынкавіцкім лясніцтве, – адзначыў Міхаіл Касмачоў. – У цяперашні час вядзецца праектаванне аб’екта. Яго будаўніцтва будзе праведзена ў 2022–2023 гадах. Плануецца, што гадавальнік зойме плошчу 24 гектары: на гэтай тэрыторыі ўстановяць 6 цяпліц з сістэмай рампавага паліву, а таксама адміністрацыйны будынак і гаражы. Тут будуць вырошчвацца асноўныя лесаўтваральныя пароды – хвоя, елка, дуб, бяроза, ліпа і клён».

Па словах Міхаіла Касмачова, неабходнасць у закладцы новага гадавальніка наспела ўжо даўно. Да гэтага саджанцы вырошчвалі на тэрыторыі часовых гадавальнікаў, адзін з якіх знаходзіцца ў Хоцімскім раёне практычна на мяжы з Расіяй. Аднак гэты аб’ект не адпавядае неабходным патрабаванням і не забяспечвае патрэбу лясгаса ў колькасці пасадачнага матэрыялу як для ўласных патрэб, так і для рэалізацыі іншым арганізацыям. Так, штогод лясніцтву неабходна каля 3,5 млн. саджанцаў. У сваю чаргу новы гадавальнік у перспектыве будзе даваць прыкладна 5,5 млн саджанцаў на год – хопіць і для сябе, і для продажу.

Работы па будаўніцтве новага гадавальніка пачнуцца адразу пасля таго, як праект пройдзе экспертызу. «Месца пад закладку аб’екта абрана вельмі ўдалае: тут у крокавай даступнасці ёсць усе неабходныя камунікацыі, у тым ліку вада і электрычнасць, – падзяліўся дырэктар лясгаса. – Побач размешчаны вёскі Бялынкавічы і новыя Саматэвічы, за 9 км – Касцюковічы. Пры ўмове, што з уводам новага аб’екта будзе створана 8 працоўных месцаў, людзям будзе зручна дабірацца на працу».

Касцюковіцкі лясгас размешчаны ў паўднёва-ўсходняй частцы Магілёўскай вобласці на тэрыторыі Касцюковіцкага і Хоцімскага адміністрацыйных раёнаў. Працягласць тэрыторыі з поўначы на поўдзень складае 57 км, з усходу на захад – 70 км. У агульнай плошчы пакрытых лесам зямель пераважаюць мяккаліставыя і іглічныя пароды – 48,5% і 43,2% адпаведна.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая