У Мінску будуць сабраны жмені зямлі з воінскіх пахаванняў, размешчаных на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Пра гэта паведаміў сёння, выступаючы на пасяджэнні Каардынацыйнага савета грамадскіх арганізацый і палітычных партый рэгіёна, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Алег Корапаў.

Прыдняпроўскі край разам з іншымі абласцямі Беларусі далучыцца да ўнікальнай міжнароднай акцыі памяці «На славу агульнай Перамогі», прысвечанай 75-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Сімвалічныя жмені зямлі з усіх памятных месцаў Сінявокай, дзе спачываюць загінулыя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі абаронцы Радзімы і мірныя жыхары – ахвяры вайны, будуць сабраныя ў крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску. Урачыстая цырымонія закладкі спецыяльных капсул са свяшчэннай зямлёй – як фінал грандыёзнай міжнароднай акцыі памяці – адбудзецца 9 мая 2020 года, у 75-ы Дзень Перамогі.

Маштабнае патрыятычнае мерапрыемства пройдзе ў тры этапы. На першым з памятных месцаў будуць сабраны ў вызначаным аб’ёме жмені зямлі. Гэтыя жмені зямлі, аформленыя актам, і іх перадача ў населены пункт, вызначаны кожным райвыканкамам, для наступнага размяшчэння ў спецыяльнай капсуле (па адной для кожнага адміністрацыйнага раёна), будуць праводзіцца ва ўрачыстай абстаноўцы.

Але перш за ўсё ўдзельнікі акцыі патурбуюцца аб тым, каб усе мемарыялы і памятныя месцы былі прыведзены ў парадак. Да акта павінны

быць прыкладзены фатаграфіі памятнага месца і цырымоніі выняцця зямлі, колькасць і спіс імёнаў загінулых або пахаваных воінаў (калі прозвішчы вядомыя), звесткі аб ваенных гістарычных падзеях мясцовасці і найбольш значным укладзе мясцовага насельніцтва ў барацьбу з нямецкімі захопнікамі, аб выхадцах населенага пункта, якія вызначыліся ў баях і падпольным супраціўленні.

На другім этапе кожны абласны выканаўчы камітэт вызначае раён і месца, дзе пройдзе цырымонія перадачы сабраных ад вобласці капсул у Мінск. У прыватнасці, у Магілёўскай вобласці гэта ўрачыстае мерапрыемства плануецца правесці на мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле».

Заключны этап – цырымонія закладкі больш за 100 капсул (22 ад нашага рэгіёна) з зямлёй з усіх беларускіх мемарыяльных месцаў памяці Вялікай Айчыннай вайны, а таксама з краін, якія мяжуюць з Беларуссю, і асабліва шанаваных у рэспубліках былога Савецкага Саюза месцаў, прысвечаных памяці загінулых у Другую сусветную вайну. Маштабны фінал акцыі «У славу агульнай перамогі» з удзелам кіраўнікоў дзяржаў і прадстаўнікоў краін былога Савецкага Саюза, духоўных рэлігійных лідараў, нацыянальна-культурных аб’яднанняў пройдзе ў крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі.

Як адзначыў Алег Корапаў, Магілёўшчына павінна дастойна правесці сваю частку гэтай грандыёзнай акцыі. Будзе правільна, калі ў ёй разам з органамі ўлады прымуць удзел грамадскасць, моладзь. Этапы правядзення акцыі неабходна належным чынам асвятляць у СМІ.

Алег Корапаў падкрэсліў, што трэба будзе карпатлівая праца, якую неабходна пачынаць ужо цяпер. Ні адно воінскае пахаванне, іншае памятнае месца не павінна быць забыта.