RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці актыўна вядзецца будаўніцтва сацыяльна значных аб’ектаў

У Магілёўскай вобласці актыўна вядзецца будаўніцтва сацыяльна значных аб’ектаў. Пра гэта паведамілі ў камітэце па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама.

Сёння кіраўніцтвам рэгіёна пастаўлена задача ў найбліжэйшыя два-тры гады завяршыць працу на аб’ектах са спісу даўгабудаў. Гэта, у першую чаргу, датычыцца новага корпуса раённай бальніцы ў Асіповічах і радзільні ў Магілёве. Блок «Б» радзільнага дома ўведзены ў эксплуатацыю раней, а блок «А», дзе будуць размяшчацца радзалы, палаты і аддзяленні нованароджаных, гатовы на 60%. Тут выкананы ўсе інжынерныя камунікацыі, агульнабудаўнічыя работы, засталіся толькі аздобныя і непасрэдна ўладкаванне.

Сёлета адкрыюцца пасля капітальнага рамонту з поўнай заменай абсталявання марфалагічная і радыенуклідная лабараторыі абласнога анкалагічнага дыспансера. Гэтыя аб’екты з’яўляюцца другім этапам уведзенага ў 2018-м аперацыйнага блока гэтай бальніцы.

Распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя кардыяхірургічнага корпуса на тэрыторыі Магілёўскай абласной бальніцы. Ідзе рэканструкцыя Бабруйскай гарадской дзіцячай бальніцы з паліклінікай.

Акрамя таго, сёлета плануецца пачаць будаўніцтва паліклінікі ў магілёўскім мікрараёне Казіміраўка. Будпляцоўку ўжо абгарадзілі. Тут жа завяршаецца ўзвядзенне сучаснай, абсталяванай па апошнім слове тэхнікі школы на 1020 навучэнцаў. Здаць яе мяркуецца да 1 верасня – на 7 месяцаў раней, чым прадугледжана дагаворам.

Рыхтуецца дакументацыя па будаўніцтве двух дзіцячых садкоў – у новым мікрараёне Спадарожнік Магілёва і Слаўгарадзе. Запланаваны ўвод у эксплуатацыю дзіцячага садка ў аграгарадку Усход, што вырашыць існуючую ў населеным пункце праблему перапоўненасці дзяцей у групах. Вядзецца таксама капітальны рамонт дзіцячага садка ў Шклоўскім раёне.

У абласным цэнтры ў 2019 годзе запрацуюць «Космас-корт», узровень аснашчанасці і памеры якога дазволяць праводзіць тут спаборніцтвы па вялікім тэнісе міжнароднага ўзроўню, а таксама крыты футбольны манеж. Абсталяванне ўжо пастаўлена Федэрацыяй футбола. Рыхтуецца пляцоўка, каб у канцы жніўня – у верасні прыступіць да мантажу.

У перспектыве плануецца дабудова вяслярнага канала, размешчанага ў раёне Фацінскага заліва ў Магілёве. Дакладней, яго перабудова ў фізкультурна-аздараўленчы комплекс з двума басейнамі. Стаіць задача запусціць аб’ект у працу ў 2020-м. Да сацыяльна значных аб’ектаў адносіцца і рэканструкцыя стадыёна «Тарпеда» ў горадзе на Дняпры, дзе ўжо пацверджана фінансаванне. 

Асаблівую ўвагу нададуць дарогам. У бягучым годзе маюць намер прыступіць да рэканструкцыі адрэзка вуліцы Першамайскай: ад чыгуначнага вакзала да пераезда. Мост праз Сож у Слаўгарадзе таксама плануюць здаць у эксплуатацыю да канца 2019 года.

Стартаваў праект па рэканструкцыі моста на пад’ездзе да чыгуначнага вакзала Магілёва, завяршыць абнаўленне якога плануецца ў 2020-м. Зноў жа ў наступным годзе будуць скончаныя ў поўным аб’ёме работы па рэканструкцыі праезджай часткі вуліцы Крупскай у абласным цэнтры. Пачаты падрыхтоўчы этап будаўніцтва дубля вуліцы Якубоўскага – Загараднай Шашы. Гэта створыць альтэрнатыву ўезду ў горад з боку Мінска. Чатырохпалосная траса даўжынёй амаль 7 км звяжа арку і кальцо Касманаўтаў.

Узводзяцца ў рэгіёне і новыя прадпрыемствы. Ідуць працы на будаўнічых пляцоўках ЗТАА «Омск Карбон Магілёў». У Бялынічах уведзена першая чарга свінакомплексу, рыхтуецца да здачы другая. У Слаўгарадзе ў найбліжэйшы час запрацуе свінакомплекс. Крыху пазней будзе запушчана другая яго чарга – камбікормавы цэх: абсталяванне для яго ўжо атрымана. У Шклоўскім раёне будуецца буйное аграпрадпрыемства «Белдан» па вытворчасці дацкай беконнай свініны.

Вядзецца добраўпарадкаванне населеных пунктаў: Глуск, Ялізава, Татарка, Гарадзішча і інш.Асаблівая ўвага тут нададзена рамонту дарог, дваровых тэрыторый, аб’ектаў аховы здароўя і адукацыі, уладкаванню дзіцячых і спартыўных пляцовак.

Што тычыцца жылля, то яго ў Магілёўскай вобласці да канца года плануецца ўвесці не менш за 350 тыс. кв. м, у тым ліку 120 тыс. кв. м – для льготнай катэгорыі грамадзян.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая