RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці гарачым харчаваннем забяспечаны ўсе ўдзельнікі ўборачнай кампаніі – прафсаюз

У Магілёўскай вобласці гарачым харчаваннем забяспечаны ўсе ўдзельнікі ўборачнай кампаніі. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

«У магілёўскіх аграрыяў пачынаецца гарачая пара, і вельмі важна, каб для іх былі створаны камфортныя і бяспечныя ўмовы працы, – адзначылі спецыялісты абкама. – Гэта тычыцца арганізацыі наймальнікамі належных бытавых умоў, забеспячэння гарачага харчавання і пітнога рэжыму, спраўнага стану сельскагаспадарчай тэхнікі і наяўнасці спецадзення. Усе гэтыя пытанні – на пастаянным кантролі прафсаюзаў. Мы таксама сочым за тым, каб быў наладжаны адпаведны кантроль за станам здароўя людзей. Гэта асабліва актуальна пры працы ва ўмовах павышаных тэмператур».

На сёння ва ўборку рапсу і шматгадовых траў ўключыліся ўсе раёны Магілёўскай вобласці. Нягледзячы на тое, што масавая ўборачная пакуль не стартавала, усе гаспадаркі забяспечваюць удзельнікаў жніва гарачым харчаваннем і пітной бутыляванай вадой. Падвоз вады ажыццяўляецца рэгулярна і аператыўна ў разліку 1,5 літра на аднаго чалавека.

«Кожны ўдзельнік уборачнай кампаніі атрымлівае паўнавартаснае харчаванне, – расказалі ў абкаме. – У некаторых гаспадарках з сельгасработнікаў зусім не спаганяюць кошт абедаў, у іншых –патанненне з боку наймальніка складае да 80%. Так, для аграрыя сярэдні кошт комплекснага абеду з чатырох страў складае ад 50 да 80 капеек».

Па аператыўнай інфармацыі раённых камітэтаў галіновага прафсаюза, у Магілёўскай вобласці да пачатку ўборачнай падрыхтаваны 154 пакоі і пункты прыёму ежы, што складае 99% ад запланаваных. Акрамя таго, наймальнікамі уладкаваны 152 душавыя і лазні, абсталяваны 154 гардэробныя. З ліку гэтых аб’ектаў на момант праверкі ў працоўным стане было 70,4% душавых і лазняў, 96% гардэробных. «Найбольш праблемнымі ў плане гатоўнасці душавых па стане на 15 ліпеня былі сельскагаспадарчыя арганізацыі Крычаўскага раёна –не гатовыя да эксплуатацыі 6 з 6 аб’ектаў, Чавускага –6 з 10, Чэрыкаўскага 2 з 5, Мсціслаўскага – 4 з 8», – удакладнілі ў абкаме.

Акрамя стварэння належных санітарна-бытавых умоў працы прафсаюзы надаюць пільную ўвагу папярэджанню няшчасных выпадкаў пры правядзенні ўборкі ўраджаю і дапрацоўцы прадукцыі раслінаводства. Так, за апошнія два тыдні спецыялісты абкама наведалі 14 сельскагаспадарчых арганізацый раёна.

«Падчас маніторынгу тут выяўлены 202 парушэнні заканадаўства аб ахове працы, – адзначылі ў абкаме прафсаюза работнікаў АПК. – Сярод найбольш частых –адсутнасць спецадзення, сродкаў індывідуальнай абароны і аптэчак на транспартных сродках, парушэнне правілаў эксплуатацыі абсталявання і машын. Акрамя таго, у правераных арганізацыях прыпынена праца 23 адзінак абсталявання і інвентару да поўнай ліквідацыі парушэнняў. Наймальнікам рэкамендавана ўхіліць выяўленыя недахопы ў самыя кароткія тэрміны».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая