RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці гатоўнасць жылфонду да ацяпляльнага сезона складае больш за 80%

У Магілёўскай вобласці гатоўнасць аб’ектаў жылфонду да ацяпляльнага сезона складае на сёння больш за 80%. Пра гэта паведаміў на пасяджэнні Магілёўскага аблвыканкама намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Сяргей Маслаў.

«Гатоўнасць жылых дамоў да ацяпляльнага сезона складае ў рэгіёне амаль 81%, – адзначыў Сяргей Маслаў. – Павольнымі тэмпамі ідзе падрыхтоўка да асенне-зімовага перыяду па Кіраўскім, Крычаўскім, Мсціслаўскім і Слаўгарадскім раёнах, дзе гатоўнасць складае крыху больш за 50%».

Як адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, пытанне гатоўнасці арганізацый рэгіёна да працы ў асенне-зімовы перыяд сур’ёзнае і важнае. Праца па рэгістрацыі пашпартоў гатоўнасці павінна завяршыцца ўжо праз два тыдні, да 1 верасня. Таму адпаведным службам неабходна прыкласці максімум намаганняў, каб забяспечыць нармальнае функцыянаванне народна-гаспадарчага комплексу ў халодную пару года.

«Неабходна старанна падрыхтаваць кацельнае абсталяванне, цеплавыя сеткі, водазабеспячэнне – усё, што тычыцца жыццядзейнасці прадпрыемстваў, арганізацый і насельніцтва, – падкрэсліў Леанід Заяц. – Наша задача – забяспечыць безаварыйную і бесперабойную працу ў асенне-зімовы перыяд, каб на тэрыторыі вобласці не было выпадкаў, калі падчас халадоў даюць збой сістэмы падачы вады і цяпла, адключаюцца цэлыя дамы і ад гэтага пакутуюць людзі. Мы павінны прайсці гэты перыяд роўна і спакойна».

Што тычыцца жылфонду, то асноўным паказчыкам гатоўнасці да ацяпляльнага сезона з’яўляюцца пашпарты гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі. У пералік мерапрыемстваў, якія праводзяцца для іх атрымання, уваходзяць прафрамонт сістэм ацяплення цеплавых вузлоў, гідраўлічныя выпрабаванні сістэм ацяплення і іх апрасоўка. Таксама да асенне-зімовага перыяду рамантуюцца дахі, стыкі сценавых панэляў, праходзяць праверку прыборы ўліку цеплавой энергіі.

«Па стане на 12 жніўня праца па пашпартызацыі спажыўцоў цеплавой энергіі і цеплакрыніц забяспечана ў рэгіёне на ўзроўні 54,4% і 50,2% адпаведна, – падкрэсліў Сяргей Маслаў. – Нізкімі тэмпамі (менш за 50%) вядзецца праца па рэгістрацыі пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі Бялыніцкім, Магілёўскім, Дрыбінскім, Чавускім і Быхаўскім раёнамі. У разрэзе ведамаснай прыналежнасці нездавальняльна спрацоўваюць арганізацыі сельскай гаспадаркі».

Падчас правядзення выканкама Леанід Заяц зарыентаваў усе задзейнічаныя ў падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду службы на зладжаную працу. «Да 1 верасня ўсе пашпарты гатоўнасці на 100% павінны быць прыведзены ў парадак – і па спажыўцах, і па цеплакрыніцах, – сказаў ён на заканчэнне. – Незалежна ад формы ўласнасці уся сістэма павінна працаваць. Да 20 верасня неабходна ўвайсці ў графікі па замене труб. Што датычыць прывядзення жыллёвага фонду ў парадак, неабходна адпрацаваць кожны дом, каб забяспечыць запорнымі прыладамі, шкленнем, ушчыльненнем швоў, прыбраць лішняе са скляпоў, зачыніць цеплакрыніцы. Гэтыя пытанні павінны быць на кантролі».

Акрамя таго, да 15 кастрычніка ў вобласці трэба забяспечыць неабходны запас супрацьгалалёдных матэрыялаў. Так, для ўтрымання вулічна-дарожных сетак у зімовы перыяд у рэгіёне падрыхтуюць каля 500 адзінак дарожнай тэхнікі і нарыхтуюць каля 35,4 тыс. т супрацьгалалёдных матэрыялаў – пясчана-салянай сумесі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая