RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці скошана 97% угоддзяў

У вобласці завяршаецца першы ўкос траў. Скошана 97 працэнтаў угоддзяў – гэта крыху больш за 190 тысяч гектараў. Апошнія травы яшчэ прыбіраюць у Бялыніцкім, Глускім, Быхаўскім, Мсціслаўскім і Шклоўскім раёнах. Астатнія – завяршылі касавіцу. Усяго травы першага ўкосу прыбраны з плошчы 165 тысяч гектараў – 86 працэнтаў скошанага.

Амаль 5 тысяч тон сена нарыхтавалі ў Бялыніцкім раёне – гэта больш за ўсіх у вобласці. Чарговы рэкорд па праве належыць мясцоваму СВК «Калгас «Радзіма». Тут гэтаму спрадвечна традыцыйнаму віду корму заўсёды аддаюць перавагу, і больш за 90 працэнтаў раённых аб’ёмаў нарыхтаванага сена – на рахунку гэтай гаспадаркі. 3317 тон сена нарыхтавана ў Кіраўскім раёне, 3418 – у Магілёўскім. Усяго ў галіне сельгаспрадпрыемства насушылі больш за 30 тысяч тон сена. Гэта на 12 тысяч тон больш за леташні ўзровень. Спецыялісты называюць хвацкай якасць гэтага корму ў гэтым годзе.

І наогул першы ўкос гэтага года аказаўся значна багацейшым за леташні. Скошана на 55 тысяч тон траў больш. Аб’ёмы травяных кармоў першага ўкосу ў пераліку на кармавыя адзінкі на 20 працэнтаў больш за мінулы перыяд і складаюць звыш 290 тон кармавых адзінак.

Рэкардсменам па нарыхтоўцы сенажу застаецца Шклоўскі раён: там нарыхтавана больш за 103 тысячы тон. У Горацкім – больш за 80 тысяч тон, амаль па 70 тысяч тон – аб’ём сянажных запасаў у Магілёўскім і Кіраўскім раёнах. 27,7 тысячы тон сенажу гаспадаркі вобласці загарнулі ў палімерную ўпакоўку. Пры гэтым больш за ўсіх такога каштоўнага кармавога запасу траў у бялыніцкіх аграрыяў – 4,3 тысячы тон. І зноў-такі, за кошт СВК «Калгас «Радзіма».

Нарыхтоўваюць сілас самымі інтэнсіўнымі тэмпамі ў Клічаўскім раёне, дзе закладзена ўжо амаль 7 тысяч тон.

Поўным ходам ідзе падсяванне шматгадовых траў. Па гэтых відах работ выканана 67 працэнтаў ад запланаванага. На 29 працэнтаў выканана гаспадаркамі вобласці падкормка кукурузы на плошчы амаль 38,5 тысячы гектараў. Завяршаюць магілёўскія аграрыі хімпраполку кукурузы: прэпаратамі апрацавана больш за 113 тысячы гектараў, або 86 працэнтаў запланаванага. На 6,8 тысячы гектараў прайшла хімпрапалка буракоў – гэта 68 працэнтаў планавых плошчаў.

zilmogilev.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая