RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці створаны Чыгірынскі кластар

Чыгірынскі турыстычны кластар у хуткім часе мае ўсе шанцы стаць так званай «Меккай» на рынку турыстычных паслуг у Беларусі. Такую амбіцыйную задачу паставілі перад сабой удзельнікі новага кластара Магілёўскай вобласці на семінары «Кааперацыя для развіцця», які праходзіў на базе адпачынку «Чыгірынка» ў межах ініцыятывы «Чыгірынскі кластар: партнёрства для эканамічнага росту».

Ініцыятыва «Чыгірынскі кластар: партнёрства для эканамічнага росту» рэалізуецца мясцовым фондам падтрымкі ініцыятыў у сферы ўстойлівага развіцця «Устойлівы рэгіён» у межах праекта ЕС-ПРААН «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь».

У ходзе семінара ў якасці наяўнага і паспяховага прыкладу працы быў прадстаўлены вопыт стварэння і функцыянавання турыстычнага кластара «Мухавэцька кумора» (Брэсцкая вобласць) яго натхняльнікам і кіраўніком Алай Палікарпук, разгледжаны перавагі ўдзелу ў кластары «Край жыватворных крыніц» (Магілёўская вобласць) у гутарцы з Ірынай Семерыковай, гаспадыняй сядзібы-гадавальніка «У сяброў».

У ліку безумоўных выгод стварэння кластара былі названыя: развіццё аграэкатурызму, сельскага турызму і прадпрымальніцтва ў рэгіёне; стварэнне інавацыйнага турпрадукту; паляпшэнне і пашырэнне турыстычнай інфраструктуры; прывабліванне ў рэгіён інвестыцый; прасоўванне турпрадукту Магілёўскай вобласці на рынку Беларусі і за яе межамі; стварэнне новага турыстычнага брэнда ў Магілёўскай вобласці.

На думку эксперта ў галіне сельскага развіцця, дырэктара мясцовага фонду развіцця сельскіх тэрыторый Сяргея Тарасюка, для паспяховай кааперацыі неабходна вызначэнне чаканняў удзельнікаў ад сумеснай дзейнасці, асноўных напрамкаў сумеснай дзейнасці і абмеркаванне ўмоў для сумеснай дзейнасці. Падчас правядзення варкшопу простымі словамі былі атрыманы адказы на праблемныя пытанні. У выніку было сфарміравана бачанне сумеснай працы на самы блізкі час.

На фінальным этапе семінара адбылася цырымонія падпісання пагаднення аб фарміраванні Чыгірынскага турыстычнага кластара, якая праходзіла ў афлайн/анлайн фармаце. Удзельнікамі кластара сталі 14 аграсядзіб і баз адпачынку Кіраўскага і Быхаўскага раёнаў, адзін народны майстар Рэспублікі Беларусь, а таксама мясцовы фонд падтрымкі ініцыятыў у сферы ўстойлівага развіцця «Устойлівы рэгіён», які вызначаны арганізацыяй, што каардынуе дзейнасць кластара. Акрамя таго, сваю згоду на ўдзел кластары выказалі камітэт эканомікі Магілёўскага аблвыканкама і Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова.

Дарэчы, па пытаннях дзейнасці Чыгірынскага турыстычнага кластара можна звяртацца да дырэктара фонду «Устойлівы рэгіён» Рамана Мельнікава па электроннай пошце ldf.bykhov@gmail.com або па мабільным тэлефоне + 375 (29)6970835.

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая