RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці таленавітым і актыўным студэнтам назначаны прафсаюзныя стыпендыі

У Магілёўскай вобласці таленавітым і актыўным студэнтам назначаны прафсаюзныя стыпендыі. Іх уладальнікамі сталі 34 маладыя чалавекі.

Старшыня Магілёўскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Уладзімір Цумараў адзначыў, што сёння прафсаюзныя рады аб'ядноўваюць не толькі працоўных, але і студэнцкую моладзь. Так, у рэгіёне налічваецца 23 тыс. навучэнцаў - членаў пярвічных прафсаюзных арганізацый устаноў адукацыі. Кожны год найлепшых з іх заахвочваюць імяннымі прафсаюзнымі стыпендыямі.

«Сёння мы ўзнагародзілі тых, хто ўжо ў такім юным узросце праявілі сябе ў вучобе і грамадска-палітычным жыцці нашага горада і краіны, - падкрэсліў Уладзімір Цумараў. - Упэўнены, што менавіта за такімі яркімі прадстаўнікамі нашага грамадства - будучыня».

Прафсаюзнай стыпендыяткай сярод іншых стала навучэнка Магілёўскага медыцынскага каледжа Анастасія Курганская. Дзяўчына не толькі добра вучыцца, але таксама актыўна ўдзельнічае ў жыцці каледжа, папулярызуе сваю навучальную ўстанову ў сацсетках. Прафсаюзную стыпендыю плануе патраціць на навучанне ў аўташколе, бо атрымаць вадзіцельскае пасведчанне - яе даўняя мара.

Біёлаг, валанцёр, спартсмен і старанны навучэнец - усё гэта пра Дзмітрыя Бунаса, прадстаўніка Бабруйскага лесатэхнічнага каледжа. Хлопец - неаднаразовы прызёр розных экалагічных конкурсаў і алімпіяд. Прафсаюзная стыпендыя стала для яго прыемнай нечаканасцю і дадатковым стымулам да новых поспехаў у вучобе, праяўленні актыўнай жыццёвай пазіцыі.

У абласным аб'яднанні адзначылі, што прафсаюзных стыпендыятаў адбіралі з некалькіх соцень кандыдатур. Сярод найлепшых - будучыя педагогі, медыкі, будаўнікі, аграномы. Ужо ў хуткім часе яны прыйдуць на свае першыя працоўныя месцы, дзе атрымаюць гарантаваныя бонусы ад прафсаюза і наймальніка ў выглядзе розных мераў сацыяльнай падтрымкі маладых спецыялістаў, прапісаных у калектыўнай дамове, - ад матэрыяльных выплат да выдзялення жылля.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая