RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскім агралесатэхнічным каледжы ўзнаўляюць легендарную «Кацюшу»

Ваенна-гістарычная экспазіцыя пад адкрытым небам на тэрыторыі Магілёўскага дзяржаўнага агралесатэхнічнага каледжа неўзабаве папоўніцца легендарнай баявой машынай – «Кацюшай», паведаміў дырэктар установы адукацыі Георгій Маліноўскі.

Машыну практычна з нуля па наяўных чарцяжах узнаўляюць на базе шасі ГАЗ-52 выкладчыкі каледжа ў пазаўрочны час. У кожнай творчай групы свой адказны ўчастак: адна занятая кабінай, іншая сканцэнтраваная на шасі, трэцяя аднаўляе непасрэдна ўстаноўку для залпавага агню.

«Прыкладна два гады мы шукалі і вывучалі чарцяжы баявой машыны, у гэтым нам дапамаглі ў Мінабароны. Як толькі ўсё было гатова для старту, праца закіпела, падбіралі патрэбныя матэрыялы, – распавёў Георгій Маліноўскі. – Ставім перад сабой задачу максімальна ўзнавіць прататып баявой машыны рэактыўнай артылерыі БМ-13, якая атрымала ў народзе назву «Кацюша». Бракаваць будзе хіба што баявых ракет. Завяршыць цалкам працу плануем ужо ў верасні».

Раней на беразе Дняпра былі адноўлены нямецкія ўмацаванні, дзе прадстаўлены ўзбраенне і тэхніка вермахта. «А зараз мы хочам паказаць усю моц Чырвонай арміі, – адзначыў дырэктар каледжа. – Намі забетанаваны 19 пляцовак для прэзентацыі. Тут будзе ўстаноўлены і «Кацюша», і іншае ўзбраенне і тэхніка часоў Вялікай Айчыннай вайны. Вядзем перамовы з расіянамі, каб нам перадалі легендарны танк Т-34. Плануем усю тэхніку ўсталяваць да святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі ў 2020 годзе».

Ваенна-гістарычнай экспазіцыі на тэрыторыі каледжа ўжо пяць гадоў. За гэты час тут аднавілі нямецкі дзот, па чарцяжах рэканструявалі нямецкі танк, знішчальнік Месершміт-109, ЗІС-5 і зеніткі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая