RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскім раёне адкрылі бюст заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Леаніда Маісеева

 

Сёння ў аграгарадку Рэчкі Магілёўскага раёна прайшло ўрачыстае адкрыццё бюста заслужанага работніка сельскай гаспадаркі і поўнага кавалера ордэна Айчыны Леаніда Сяргеевіча Маісеева.

 

На цырымоніі адкрыцця памятнага бюста прысутнічаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, старшыня Магілёўскага райвыканкама Алег Чыкіда, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі, дырэктар сельскагаспадарчага прадпрыемства «Саўгас “Добраахвотнік”» Алег Портнік, генеральны дырэктар ЗАТ «Агракамбінат “Зара”» Кацярына Зароўская, жонка Леаніда Маісеева Ганна Аляксееўна з сям’ёй, прадстаўнікі грамадскасці, працоўных калектываў і жыхары раёна.

«Сёння мы з вамі сабраліся, каб аддаць даніну памяці чалавеку з легендарнай гісторыяй – Леаніду Маісееву. Ён звязаў усё сваё жыццё з сельскай гаспадаркай і дасягнуў высокіх вынікаў, стаўшы заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі і поўным кавалерам ордэна Айчыны. Шмат гадоў ён кіраваў гаспадаркай «Зара» і дзякуючы яго намаганням і таленту, дзякуючы падтрымцы калектыву стварыў магутнае прадпрыемства замкнёнага цыкла – «Агракамбінат “Зара”», якое зараз ведаюць далёка за межамі Магілёўскай вобласці. Для нас ён прыклад сапраўднага кіраўніка. Леанід Маісееў заўсёды дапамагаў не толькі сваім супрацоўнікам, але і тым, хто звяртаўся да яго. Ён наладзіў жыццё ў аграгарадку: пабудаваў сацыяльныя аб’екты і жыллё, газіфікаваў населены пункт. Мы павінны захаваць светлую памяць пра яго і працягнуць справу ўсяго яго жыцця – далейшага росту і развіцця гаспадаркі», – адзначыў Леанід Заяц.

 

Леанід Маісееў пайшоў з жыцця на 70 годзе 9 мая 2019 года. Усю сваю працоўную дзейнасць ён прысвяціў Магілёўшчыне. У 1987 годзе быў прызначаны старшынёй калгаса «Зара» Магілёўскага раёна, затым – старшынёй саўгаса «Зара», а пасля акцыянавання – генеральным дырэктарам закрытага акцыянернага таварыства «Агракамбінат “Зара”». Леанід Маісееў паспяхова ўзначальваў прадпрыемства каля 30 гадоў, у 2015 годзе быў абраны на пасаду старшыні назіральнага савета ЗАТ «Агракамбінат “Зара”».

БЕЛТА

 

  

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая