Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскім раёне стартавала пасяўная кампанія

На полі ААТ «Цішоўка» ў вёсцы Севасцянавічы Магілёўскага раёна правялі традыцыйнае абрадавае свята «Засеўкі». Старадаўні рытуал, які сімвалізуе прыход вясны ў жыццё хлебаробаў, даў старт пасяўной кампаніі ў Магілёўскім раёне. Аграрыі настроены на вынік: уся тэхніка гатова, ўгнаеннямі для падкормкі азімых культур і насеннем забяспечаны пад поўную патрэбнасць.

Абрадавае свята адкрыў старшыня Магілёўскага райвыканкама Алег Чыкіда. Ён адзначыў, што перад хлебаробамі стаяць сур’ёзныя і амбіцыйныя задачы на гэты год:

– Мы павінны атрымаць з кожнага гектара сур’ёзны прырост. Бо ў жывёлагадоўлі не дасягнем якасных аб’ёмных паказчыкаў, калі не папрацуем на зямлі. Да нас складзена народная мудрасць –вясновы дзень год корміць. Наступілі аптымальныя тэрміны, каб кіраўнікі сельгасарганізацый, галоўныя спецыялісты, механізатары – усе тыя, хто задзейнічаны на вясновапалявых работах, папрацавалі максімальна якасна.

Для выканання пастаўленых перад раёнам задач створаны ўсе ўмовы. Яшчэ ў снежні, дзякуючы падтрымцы Магілёўскага аблвыканкама, гаспадаркі атрымалі 20 адзінак новай тэхнікі –трактары, культыватары, сеялкі, што дазволіла істотна абнавіць існуючы парк.

Якія надзённыя задачы ў магілёўскіх аграрыяў? Першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага райвыканкама Аляксей Шуплякоў выразна акрэслівае іх:

– У раёне яравая сяўба складае 33,5 тысячы гектараў, з іх 12,5 тысячы гектараў пад яравыя збожжавыя, 5,3 – пад кукурузу. Дарэчы, сёлета павялічваем яе пасеў на збожжа амаль у два разы. Гэта звязана з тэндэнцыяй да пацяплення. Летась Магілёўскі раён заняў першае месца па вытворчасці збожжа ў вобласці і атрымаў пераходзячы сцяг за высокія паказчыкі ва ўборцы ўраджаю. Задача на гэты год –захаваць яго ў нас.

Аляксей Іванавіч адзначыў, што дапамагаць у працы будуць два студатрады з Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Яшчэ каля 20 механізатараў –навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К. П. Арлоўскага, якія таксама будуць задзейнічаны ў пасяўной.

Нацэленыя на вынік і самі гаспадары абрадавага свята –ААТ «Цішоўка». Дырэктар Віталь Фомкін адзначае:

- Тэхніка, якая павінна прымаць удзел у вясеннепасяўной кампаніі, адрамантаваная на 100 працэнтаў: як сельгасмашыны, так і трактары. Усяго ў пасяўной будуць працаваць каля 30 механізатараў. Плануем засеяць каля 1,3 тысячы гектараў кукурузы, больш за 900 гектараў збожжавых, а таксама аднагадовыя і шматгадовыя травы. Укладземся ў тыя агратэхнічныя тэрміны, якія ўстаноўлены, нягледзячы ні на што. Засталося спадзявацца, што надвор’е не рыхтуе для нас непрыемных сюрпрызаў.

Па словах дырэктара, структура пасеваў у гэтым годзе не змянілася, аднак у планах сабраць ураджай вышэй, чым у мінулым годзе. Так, сумесна з кукурузай тут нацэлены атрымаць больш за 15 тысяч тон збожжа. Гэта значнае павелічэнне з улікам таго, што ў мінулым годзе каравай склаў 12 тысяч тон.

– Каб дасягнуць такіх высокіх паказчыкаў, важна выконваць тэхналагічныя працэсы, укараняць новыя гатункі, павялічваць колькасць унесеных мінеральных і арганічных угнаенняў, – мяркуе Віталь Віктаравіч. – Гэтай працай мы і займаліся на стадыі падрыхтоўкі. Яшчэ восенню ўнеслі на палі каля 20 тон арганічных угнаенняў пад яравую і азімую сяўбу. І цяпер гэтая праца працягваецца.

Механізатар ААТ «Цішоўка» Уладзімір Жук смяецца, што гатовы да марш-кідку:

– Для нас настаў адказны час. Ад таго, як спрацуем зараз, залежыць ураджай, а яшчэ наш дастатак. Мне грэх скардзіцца: у 2010 годзе атрымаў новенькі МТЗ-3022. Берагу яго, бо гэта мой карміцель. Галоўнае, каб надвор’е не падвяло. А працаваць мы ўмеем.

ДАВЕДКА

У Магілёўскай вобласці збожжавыя і зернебабовыя культуры сёлета будуць размяшчацца на плошчы 371 тысяча гектараў, бульбе адведзена 2,5 тысячы гектараў, тэхнічныя культуры зоймуць 77 тысяч гектараў, кармавая група – больш за 305 тысяч гектараў. Да пасяўной на Магілёўшчыне ўжо пачалі прыступаць ў Кіраўскім, Глускім і Асіповіцкім раёнах.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая