Заўтра, 14 верасня, пры Магілёўскім раённым Савеце дэпутатаў адбудзецца пашыранае пасяджэнне маладзёжнага парламента, прысвечанае Дню народнага адзінства. Пра гэта паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага райвыканкама Алеся Купцова. Адзін з пунктаў мерапрыемства – закладка алеі.

Пасяджэнне пройдзе ў выязным інтэрактыўным фармаце з удзелам прадстаўнікоў раённай ветэранскай арганізацыі і дэпутацкага корпуса. Па дарозе ў аграгарадок Дашкаўка ў аўтобусе экскурсавод-гісторык правядзе з удзельнікамі мерапрыемства гутарку па тэматыцы пасяджэння. Затым запланавана наведванне музея Дашкаўскай сярэдняй школы.

У праграме пасяджэння таксама інтэрактыўная гульня «Разам мы – Беларусь» з удзелам каманд маладзёжнага парламента, ветэранаў і дэпутатаў. Таксама ўдзельнікі мерапрыемства закладуць алею Адзінства пакаленняў.

СБ