RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве 6 мая адкрыецца выстава юных мастакоў Беларусі і Расіі «Нашчадкі Вялікай Перамогі»

Пад знакам Года народнага адзінства 6 мая ў 15.00 у Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы юных мастакоў Беларусі і Расіі «Нашчадкі Вялікай Перамогі». Экспазіцыя прысвечана 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, паведамілі ва ўстанове культуры.

Арганізатарамі праекта выступаюць музей Масленікава і Бабруйская гарадская дзіцяча-юнацкая ўзорная студыя выяўленчага мастацтва «Вясёлка». Выстава праводзіцца ў межах міжнароднага праекта «Мір без межаў», які на працягу многіх гадоў аб’ядноўвае Бабруйскую студыю і Корсунскую дзіцячую школу мастацтваў імя Аркадзя Пластова–вядучыя ўстановы дадатковай пазашкольнай адукацыі ў сферы культуры і мастацтва ў Магілёўскай і Ульянаўскай абласцях. Аўтар і каардынатар праекта–Ігар Моцін.

Выстава створана дзецьмі для дзяцей. Сама яе назва – «Нашчадкі Вялікай Перамогі»– прымушае дзяцей задумацца аб іх ролі ў сям’і і жыцці, аб бесперапыннай сувязі часоў і пакаленняў, фарміруючы пачуццё грамадзянскай самасвядомасці і адказнасці за мір. Названы выставачны праект дзейнічае з 2004 года па сённяшні дзень.

На выставе прадстаўлена 60 жывапісных і графічных работ, выкананых дзецьмі на аснове сямейных гісторый і сюжэтаў твораў ваеннай тэматыкі. Пры напісанні асобных карцін дзеці выкарыстоўвалі рарытэты, прынесеныя з дому (узнагароды, фота).

Многія працы створаны дзецьмі пасля гутарак са старэйшым пакаленнем, прагляду кінафільмаў, наведвання музеяў, на аснове кніг К. Сіманава «Жывыя і мёртвыя», зборнікаў «Ніколі не забудзем», «Піянеры-героі».

«Карціны, прадстаўленыя на выставе, дзівяць сваёй шчырасцю і рэалістычнасцю, – расказалі суразмоўцы. – Мы глядзім на трагічныя падзеі вачамі дзяцей, якія ніколі не бачылі, і ад таго яшчэ вастрэй адчуваем і разумеем, што паўтарэння вайны быць не павінна, што нашым дзецям, унукам і праўнукам патрэбна мірнае неба, яркае сонца і спакойнае шчаслівае жыццё».

Выстава будзе экспанавацца да 22 чэрвеня. У гэты дзень адбудзецца ўрачыстае закрыццё з уручэннем дыпломаў юным удзельнікам.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая