RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве 6 сакавіка адбудзецца адкрытая сустрэча з найлепшымі кардыёлагамі і неўролагамі вобласці

У Магілёве 6 сакавіка адбудзецца адкрытая сустрэча з вядомымі ўрачамі ў галіне неўралогіі і кардыялогіі. Гэта будзе свайго роду «народная» прэс-канферэнцыя, на якой усе наведвальнікі змогуць задаць пытанне ўрачам, даведацца вычарпальную інфармацыю аб прычынах інсульту, метадах дыягностыкі і прафілактыкі, атрымаць медычную кансультацыю і персанальныя рэкамендацыі.

Спецыялісты кажуць, што часта людзі, вымяраючы артэрыяльны ціск дома, дапускаюць памылкі і атрымліваюць у выніку няправільныя вынікі. Таму падчас мерапрыемства будзе арганізаваны майстар-клас па вымярэнні АЦ.

Сустрэча пройдзе ў межах сацыяльнага праекта «У адным вымярэнні», накіраванага на барацьбу з інсультамі і інфарктамі. Ён ініцыяваны вытворцам танометраў Microlife і Нацыянальным парталам «Здаровыя людзі» пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

«Адкрытыя сустрэчы з вядомымі медыкамі мы пачалі ў студзені гэтага года. Ужо пабывалі ў Гродне, двойчы сустрэліся з мінчанамі на тэрыторыі сталічнай паліклінікі і найбуйнейшага гандлёвага цэнтра, і прыйшлі да разумення, што такія дыялогі патрэбныя і важныя. Акрамя таго, мы імкнёмся дастукацца да больш маладых людзей, бо медыкі даўно б’юць трывогу: інсульт імкліва маладзее, і віной таму – сучасны імклівы тэмп жыцця, стрэсы, перагрузкі, нерацыянальнае харчаванне. Мы разлічваем, што мерапрыемства наведаюць усе, хто ўважлівы да здароўя свайго і сваіх блізкіх, – адзначыла кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БелМАПА, кіраўнік партала «Здаровыя людзі» Міністэрства аховы здароўя Вольга Святліцкая.

У свеце кожную шостую секунду адзін чалавек памірае ад інсульту. У Беларусі пражывае 2 млн. чалавек, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі.

Месца правядзення сустрэчы – Магілёўская цэнтральная паліклініка (вул. Піянерская, 15, актавая зала на 2 паверсе). Пачатак мерапрыемства ў 12.00. Уваход вольны, але колькасць месцаў абмежавана.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая