RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве аднаўляюць сінагогу

Аднаўленнем сінагогі на магілёўскім «Школішчы» займаюцца члены іудзейскай рэлігійнай аўтаномнай абшчыны і валанцёры. У перспектыве тут размесцяцца бібліятэка і нядзельная школа.

Калісьці тут, ля Дняпра, у межах некалькіх соцень метраў было адразу некалькі сінагог. Пры іх вучыліся яўрэйскія дзеці. Таму і месца атрымала назву «Школішча». У 30-я гады мінулага стагоддзя на той час тры сінагогі, якія засталіся, зачынілі, а будынкі перадалі гарадскому водаканалу. Затым – вайна. Нейкі час тут было яўрэйскае гета. Цяпер пра тыя падзеі нагадваюць камяні і ружы.

Будынку на Вялікай Грамадзянскай больш за сотню гадоў. Былую сінагогу вярнулі іўдзейскай суполцы ў 2009 годзе – у аварыйным стане, з праламаным дахам. Усё самае небяспечнае выправілі. Пакуль цёпла, заняліся добраўпарадкаваннем. Валанцёры руху «Добрае сэрца» БРСМ прапанавалі дапамогу.

Рамонты ідуць доўга і павольна. Гэта таму, што пакуль усё робіцца, як дзеліцца ініцыятар аднаўлення сінагогі Алег Геніліс, выключна за ахвяраванні вернікаў. Унутры часткова ўжо ёсць тынкоўка, у будынку плануюць аднавіць пячное ацяпленне. Але самым складаным у выкананні стане аздабленне сцен. Яшчэ ў 17 стагоддзі на магілёўскім Школішчы была пабудаваная самая вядомая сінагога – «халодная». Яна была ўнікальная сваімі роспісамі, якія, паводле падання, зрабіў продак Марка Шагала. Гэтыя матывы і збіраюцца аднавіць, але ўжо ў гэтым будынку.

Калі сінагога запрацуе, тут хочуць зноў зрабіць школу – нядзельную, адкрыць бібліятэку. Але на аднаўленне спатрэбіцца яшчэ не адзін год. Ускладняе працу адсутнасць электрычнасці і водазабеспячэння, і ў вырашэнні гэтых праблем не абысціся без дапамогі гарадскіх уладаў. Але галоўнае – ёсць вялікае жаданне адрадзіць культавае збудаванне, каб яно зноў стала ўпрыгожваннем Магілёва.

ТРК «Магiлёў»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая