RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве ўручылі дыпломы лаўрэатам конкурсу «Найлепшыя тавары Рэспублікі Беларусь»

У Магілёўскім аблвыканкаме сёння адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў рэспубліканскага конкурсу «Найлепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» па выніках 2018 года.

Конкурс праводзіцца штогод, пачынаючы з 2002 года, па сумеснай ініцыятыве Дзяржстандарту, абласных выканаўчых камітэтаў і Мінгарвыканкама. Яго пераможцамі па выніках 2018 года сталі 173 прадпрыемствы і арганізацыі, а 274 тавары прызнаныя найлепшымі, з іх 29 вырабляюцца ў Магілёўскай вобласці.

«Наш конкурс праводзіцца па даволі жорсткіх крытэрыях. Важныя не толькі характарыстыка прадукцыі і яе спажывецкія ўласцівасці, але і тое, у якіх умовах яна вырабляецца, – адзначыла першы намеснік старшыні Дзяржстандарту Ірына Асмола. – Пераможцы конкурсу – гэта прадпрыемствы і арганізацыі, якія выпускаюць сапраўды найлепшую беларускую прадукцыю. Гэта сведчыць пра тое, што яны дынамічна развіваюцца і працуюць на перспектыву».

Першы намеснік старшыні Дзяржстандарту цёпла павіншавала з перамогай лаўрэатаў конкурсу, пажадала ім новых дасягненняў і ўручыла дыпломы ў адпаведных намінацыях. У ліку пераможцаў прадукцыя ААТ «Булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”», ААТ «Бабушкина крынка», ААТ «Магатэкс», ААТ «Магілёўліфтмаш», ААТ «Зеніт», ААТ «Стужка».

Акрамя дыпломаў, пераможцы конкурсу атрымліваюць права размяшчэння знака (лагатыпа) конкурсу на таварах і іх упакоўцы, а таксама выкарыстання яго ў дакументацыі і рэкламных матэрыялах на працягу двух гадоў. Інфармацыя аб таварах-лаўрэатах размяшчаецца на сайце Дзяржстандарту, у сродках масавай інфармацыі і ў каталогу «Найлепшыя тавары Рэспублікі Беларусь», які рассылаецца ў прадстаўніцтвы краіны за мяжой.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая