RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве ўшаноўвалі найлепшых педагогаў вобласці

Напярэдадні Дня настаўніка ў Магілёве прайшоў прыём для вядучых педагогаў вобласці. На святочным уроку настаўнікам, якія дабіліся высокіх вынікаў у працы, уручылі заслужаныя ўзнагароды.

«Сёння Магілёўшчына ганарыцца сучасным пакаленнем педагогаў. Гэта сапраўдныя таленты і прафесіяналы, якія даюць якасную і ўсебаковую адукацыю нашым дзецям, – падкрэсліў у віншаванні намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. – Мы ганарымся поспехамі школьнікаў, якія працягваюць упэўнена збіраць узнагароды. Сёлета на рэспубліканскіх алімпіядах па вучэбных прадметах дзеці заваявалі 81 дыплом, а на міжнародных прадметных алімпіядах – 11 медалёў рознай вартасці. На мінулым цэнтралізаваным тэсціраванні мы атрымалі 21 максімальны вынік у сто балаў. Гэта вельмі сур’ёзны паказчык і вынік высокай матывацыі навучэнцаў, узроўню іх падрыхтоўкі. У гэтым перш за ўсё заслуга настаўніка».

Сістэма адукацыі ў Беларусі заўсёды была адной з найважнейшых сфер, і сёння яна стабільна функцыянуе і паступальна развіваецца, адзначыў Валерый Малашка. Магілёўская вобласць–наглядны таму прыклад. «Мы маем неабходную матэрыяльна-тэхнічную базу, кваліфікаваныя педагагічныя кадры, вырашаем праблемы малакамплектных школ і наяўнасці месцаў у дзіцячых садках, працягваем падтрымліваць адораных навучэнцаў і педагогаў, ствараем неабходныя ўмовы для маладых настаўнікаў, – канстатаваў ён. – Адна з галоўных задач–далейшае паляпшэнне ўмоў для навучання нашых дзяцей. І яна вырашаецца. Першага верасня мы адкрылі новую сярэднюю школу ў Бабруйску. Пасля капітальнага рамонту школьнікаў прынялі сярэднія школы ў Клімавічах, Слаўгарадзе, аграгарадку Лапацічы Слаўгарадскага раёна, аграгарадку Аўсянка Горацкага раёна. Акрамя таго, да канца года свае дзверы перад дашкалятамі адчыняць новыя дзіцячыя сады ў Магілёве, Бабруйску і Шклове. Усё, што робіцца для развіцця адукацыі ў нашай вобласці, краіне, робіцца для будучыні Беларусі. Без сумненняў–гэта правільныя і патрэбныя інвестыцыі».

Намеснік старшыні аблвыканкама выказаў сардэчную ўдзячнасць педагогам за вернасць прафесійнаму абавязку, самаахвяраванне і душэўную цеплыню, якую штодня дораць вучням. Ён пажадаў настаўнікам святочнага настрою, здароўя, шчасця, дабрабыту і новых поспехаў, а таксама ўручыў падзяку прэм’ер-міністра дырэктару Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Алегу Бахановічу за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё прафадукацыі. Ганаровымі граматамі Магілёўскага аблвыканкама былі ўзнагароджаны намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Кадзінскай сярэдняй школы Ала Гаўрыленка, дырэктар СШ № 1 г. Кіраўска Мікалай Казлоў, настаўнік інфарматыкі гімназіі № 2 г. Магілёва Алена Качанава, настаўнік фізікі і астраноміі СШ № 1 г.п. Хоцімска Аксана Ларчанка і дырэктар Магілёўскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей, хворых на скаліёз, Яўген Рудакоўскі. Падзяку Магілёўскага аблвыканкама абвясцілі загадчыку ДУА «Яслі-сад № 7 г. Круглае» Галіне Ганчаровай, прарэктару па выхаваўчай рабоце УА «Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія» Максіму Патапенку, выкладчыку па класе акардэона Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў Раісе Сінялобавай, загадчыку аддзела ДУА «Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі «Крэчут» г. Крычава» Юліі Фраловай.

Са словамі падзякі за штодзённую, карпатлівую працу па выхаванні грамадзян нашай краіны да педагогаў звярнулася старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык. «Хачу пажадаць, каб вы былі здаровыя, а працоўныя калектывы, якія ўзначальваеце і дзе працуеце, паспяховыя. Таленавітых і ўдзячных выхаванцаў, навучэнцаў, студэнтаў, поспехаў у алімпіядах і конкурсах», – сказала яна.

За шматгадовую плённую працу і дасягнутыя поспехі ў прафесійнай дзейнасці Ганаровай граматай Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў былі ўзнагароджаны дырэктар СШ № 1 імя героя Савецкага Саюза П. А. Крываноса г. Клічава Наталля Кніга і настаўнік фізікі ліцэя міждзяржаўнай адукацыйнай установы вышэйшай адукацыі «Беларуска-Расійскі ўніверсітэт» Сяргей Гусеў. У ліку тых, каму ўручылі Падзячны ліст аблсавета дэпутатаў– загадчыцы ДУА «Яслі-сад № 10 «Расінка» г. Асіповічы» Любоў Ігнацьева і настаўнік фізічнай культуры і здароўя Каменскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна Міхаіл Шчарбакоў.

«Важнасць прафесіі настаўніка бясспрэчная. Веды з’яўляюцца капіталам і галоўным рэсурсам дабрабыту нашай краіны, – падкрэсліла Наталля Кніга. – Прыемна, што сёння адукацыя, школа, настаўнік – у цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы і ўрада. Усё гэта натхняе. У педагога з’яўляецца натуральнае жаданне працаваць яшчэ лепш, каб рэалізоўваць самую важную нашу задачу–выхаванне і навучанне падрастаючага пакалення. Мы адчуваем вялікую падтрымку ад кіраўніцтва вобласці і раёнаў. Нашы школы становяцца сучаснымі. Яны набываюць новае тэхналагічнае абсталяванне, тут ствараюцца камфортныя і бяспечныя ўмовы для нас і нашых дзяцей. Мы запэўніваем, што будзем прыкладаць усе сілы для таго, каб выхаваць годнае пакаленне грамадзян-патрыётаў».

  

«Любое дасягненне дзіцяці–гэта вялікі поспех для яго і настаўніка, – адзначыў Сяргей Гусеў. – У нашай навучальнай установе, улічваючы яе спецыфіку, гэта набывае яшчэ большую значнасць, бо тут дзеці высокаматываваныя, настроены на максімальнае атрыманне ведаў. А само прафесійнае свята прыносіць толькі станоўчыя эмоцыі, бо, калі чуеш словы падзякі, разумееш: працуеш у гэтай сферы нездарма».

Звяртаючыся да прысутных на ўрачыстым мерапрыемстве, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі канстатаваў: «Найлепшыя прадстаўнікі ў любой краіне традыцыйна ішлі ў педагогі. Бо ёсць добры выраз: усе спецыяльнасці – ад педагога, а прафесія педагога – ад Бога. Вы сваёй працай гадуеце будучыню нашай краіны, укладваеце ў кожнага вучня часцінку сваёй душы, не шкадуючы сіл, часу, сродкаў. Хацелася б, каб вас акружалі сапраўдныя сябры, калегі, якія падтрымаюць у любой жыццёвай сітуацыі, і ўдзячныя вучні, якія глядзяць на вас з трапятаннем і павагай».

Завяршаючы віншаванне, Андрэй Заблоцкі ўручыў нагрудны знак Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Выдатнік адукацыі» настаўніку беларускай мовы і літаратуры СШ № 2 г. Бялынічы Людміле Казлоўскай, намесніку загадчыка па асноўнай дзейнасці ДУА «Яслі-сад № 2 «Сонейка» г. Касцюковічы» Раісе Краўчанка. Таксама ганаровымі граматамі профільнага міністэрства ўзнагародзілі намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 31 г. Бабруйска Аксану Верамейчык, метадыста абласнога цэнтра творчасці Наталлю Ластачку, а граматамі–настаўнікаў пачатковых класаў СШ № 1 г. Чавусы Галіну Капітонаву і педагога дадатковай адукацыі ДУА «Цэнтр дзіцячай творчасці «Прамень» г. Шклова» Андрэя Когаля.

«Высокая ўзнагарода–гэта ацэнка не толькі маёй працы, але і ўсяго педагагічнага калектыву, – падкрэсліла Раіса Краўчанка. – Гэта вялікая матывацыя да ўдасканалення ў будучыні, творчасці, бо галоўная задача дашкольнай установы–якасна арганізаваць працэс выхавання дзяцей, падрыхтаваць іх да наступнай прыступкі навучання».

Сёння ў сістэме адукацыі Магілёўскай вобласці працуе больш за 20 тыс. педагагічных работнікаў. Гэта каманда прафесіяналаў, якія валодаюць сучаснымі інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі і здольныя, выкарыстоўваючы патэнцыял усіх без выключэння навучальных прадметаў, прывіць падрастаючаму пакаленню любоў да ведаў. У 2021 годзе да працы прыступіла 519 маладых спецыялістаў, з іх каля 40% атрымалі сваё першае працоўнае месца ва ўстановах адукацыі сельскай мясцовасці.

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая