RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве ўшаноўвалі шматдзетных маці вобласці

У Дзень маці ў Магілёве ўшаноўвалі шматдзетных маці рэгіёна. Нагода запрашэння ў аблвыканкам важкая: усе яны ўзнагароджаны ордэнам Маці згодна з указам кіраўніка дзяржавы.

Віншуючы жанчын са святам, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц выказаў словы ўдзячнасці прысутным у зале мамам, а ў іх асобе ўсім жыхаркам Прыдняпроўскага краю за высакародную місію – нараджэнне і выхаванне дзяцей. «Вы гераіні, – падкрэсліў кіраўнік рэгіёна. – Аддаючы штодня цяпло і ласку дзецям, прывіваючы любоў да Радзімы і бліжняга, вы адначасова клапоціцеся аб парадку ў доме, працуеце на карысць краіны. Гэта вялікая праца».

Леанід Заяц звярнуў увагу, што мацярынства і дзяцінства чырвонай лініяй праходзяць у дзяржаўнай палітыцы Беларусі. У краіне дзейнічае шэраг праграм, накіраваных на падтрымку сям’і. Будуюцца і рамантуюцца радзільныя дамы, дзіцячыя сады, школы, медыцынскія цэнтры, фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, спартыўныя пляцоўкі. Усё гэта падкрэслівае асаблівую ўвагу Прэзідэнта да дадзенага кірунку. Бо шчасце мамы – у шчасці яе дзяцей, магчымасці даць ім дастойную адукацыю, прафесійную падрыхтоўку, якая дазволіць быць карыснымі краіне, стварыць сваю сям’ю, жыць у міры і спакоі.

Дата святкавання Дня маці ў Беларусі абрана не выпадкова, адзначыў Леанід Заяц. 14 кастрычніка праваслаўная царква святкуе Пакроў Прасвятой Багародзіцы. Гэта значыць, што Маці Нябесная і маці зямныя, да канца адданыя сваім дзецям, заўсёды ідуць разам. Як Багародзіца сваім покрывам хавае і абараняе людзей ад ворагаў бачных і нябачных, ад усіх бед і пошасцяў, так і жанчына-маці засцерагае сваіх дзяцей і свой сямейны ачаг.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама нагадаў, што ў гэтым годзе падпісана некалькі Указаў аб узнагароджанні ордэнам Маці жанчын, якія нарадзілі і выхавалі пяцярых і больш дзяцей. Сярод узнагароджаных – нямала жыхароў Прыдняпроўскага краю. Сёння ж дзевяць з іх атрымалі ўзнагароды падчас прыёму. Гэта дапаможная рабочая ААТ «Бялынічы» Вольга Мелкумян, сацыяльны работнік аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Бабруйскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Запольская, прыбіральнік службовых памяшканняў Цэнтра культуры і вольнага часу «Арыён» Глускага раёна Вікторыя Багун, мастацкі кіраўнік Ракцянскага сельскага Цэнтра культуры і вольнага часу Горацкага раёна Аксана Іванова, маці-выхавальнік дзіцячага дома сямейнага тыпу з Клічаўскага раёна Рыта Кундзікава, сартавальнік паштовых адпраўленняў і друкаваных сродкаў масавай інфармацыі Крычаўскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Таццяна Кавалёва, хатняя гаспадыня Тамара Дышлевіч, загадчыца гаспадаркі Язерскага ясель-сада Наталля Лукашова, палявод КСУП «Язерскі» Наталля Татаранка.

«У Беларусі добра адносяцца не толькі да шматдзетных, але і да мам з адным-двума дзецьмі, – адзначыла ў час мерапрыемства Рыта Кундзікава. – Нават у нашым маленькім Клічаве нямала сацыяльных дамоў. Бачу і па сваіх дзецях, наколькі ім прасцей цяпер будаваць дамы: яны паляпшаюць жыллёвыя ўмовы дзякуючы матчынаму капіталу, крэдытам пад малы працэнт, іншым формам падтрымкі. Таму я з гонарам магу сказаць: рада, што жыву ў сваёй краіне, што мае дзеці растуць выдатнымі людзьмі».

Рыта Кундзікава з 1990 года выгадавала 47 дзяцей. Сёння ў сям’і 9 дзетак – адзін усыноўлены і 8 прыёмных. Яна прызнаецца, што гадаваць дзяцей нялёгка, але гэта заўсёды вялікае шчасце.

«Я бачу вынік сваёй жыцця: маім старэйшым ўжо пад 40. Яны адбыліся, дарослыя людзі, розныя па прафесіях. У мяне ніколі не стаяла пытанне – усынаўляць або не, колькі дзяцей браць у сям’ю. Гэта атрымлівалася заўсёды па-рознаму. Мае родныя дзеці раслі з прыёмнымі, і паміж імі ніколі не было розніцы. Атрымалася вялікая, выдатная сям’я. Я люблю ўсіх: паспяховых, менш паспяховых. Бо для мяне самае галоўнае – якімі яны сталі мужамі і жонкамі, бацькамі і маці. Не важна, якія будуць ўшанаванні ад іншых, важныя іх адносіны адзін да аднаго, да нас», – расказала маці-выхавальнік.

Віншаваць Рыту Кундзікаву з Днём маці дзеці пачалі яшчэ ўчора. Адна з дачок патэлефанавала сёння ў шэсць раніцы. Другая дачка прыбегла крыху раней, каб падрыхтаваць да свята – зрабіць прычоску. Жанчына прызналася, што не бывае выхаднога дня, каб хто-небудзь не прыехаў. А вось сабрацца ўсім разам цяпер няпроста. Частка дзяцей жыве за мяжой, астатнія – у розных кутках краіны.

«Для мяне вялікі гонар – быць узнагароджанай сёння, – адзначыла, у сваю чаргу, Тамара Дышлевіч, якая выхавала сапраўдную зорку спорту. Яе дачка Ірына Курачкіна – адна з наймацнейшых спартсменак Рэспублікі Беларусь па вольнай барацьбе, сярэбраны прызёр XXXII Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа. – Ордэн – гэта заслуга маіх дзяцей. Праца ў сельскай гаспадарцы (а я працавала аператарам машыннага даення на ферме) адбірала шмат часу і сіл. Але дочкі (а іх шэсць) у мяне выдатныя – з вышэйшай адукацыяй, самастойныя. Цяпер сваю цеплыню стараюся перадаць пяцярым унукам».

Сёння ў Магілёўскай вобласці пражывае больш за 11,6 тыс. шматдзетных сем’яў. Ордэнам Маці ўзнагароджаны 1332 маці, якія нарадзілі і выхавалі пяць і больш дзяцей, у тым ліку ў 2021 годзе – 139. З 2015 года «сямейны капітал» прызначаны 11231 сям’і, у тым ліку ў 2020-м – 1622, у 2021-м – 1232.

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая