RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве выбралі новую пляцоўку для скейт-парка

У Магілёве вызначылі новае месца для скейт-парка. Ён пераедзе на пляцоўку за Палацам культуры вобласці. Пра гэта паведаміла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама Ірына Сталярова.

Да гэтага адзіны ў горадзе скейт-парк размяшчаўся на тэрыторыі ГЦ «Парк Сіці» ў раёне Казіміраўка. Гандлёвы цэнтр будзе пашыраць плошчы, з’явілася неабходнасць знайсці для парка новае месца. «Дырэкцыя гандлёвага цэнтра прапанавала гораду забраць гэты невялікі экстрым-парк. Мы пагадзіліся і пачалі шукаць для яго прыдатную пляцоўку. Разглядалі некалькі варыянтаў, сярод якіх быў парк у Падніколлі і тэрыторыя сярэдняй школы. Ні адзін з іх не падышоў. Усё ж такі школа – гэта абгароджаная тэрыторыя, якая можа быць закрыта па выхадных, а скейт-парк павінен быць даступны кожнаму», – расказала Ірына Сталярова.

Прадстаўнікі гарадской улады пацікавіліся меркаваннем і патрэбамі тых, хто катаецца на скейтах, роліках, веласіпедах BMX. «Мы звярталіся да магілёўскіх райдараў па дапамогу. Абмяркоўвалі разам з імі варыянты пляцовак і патрабаванні да іх, – адзначыла намеснік начальніка. – Прыдатнай апынулася тэрыторыя за Палацам культуры вобласці. Шмат месца, добрая транспартная развязка: дабірацца зручна з любой кропкі горада. Аднак для ўстаноўкі абсталявання неабходна зрабіць бетонную або асфальтабетонную падушку, правесці добраўпарадкаванне, устанавіць лавачкі і ўладкаваць пешаходныя дарожкі».

Акрамя ўладкавання новай тэрыторыі, неабходна прывесці ў парадак і абсталяванне экстрым-парку. «Ён у эксплуатацыі ўжо больш за 5 гадоў. За гэты час нешта знасілася, нешта было пашкоджана пры дэмантажы. Перш чым устанавіць, яго таксама неабходна адрамантаваць», – падкрэсліла Ірына Сталярова.

Работы па падрыхтоўцы тэрыторыі пад скейт-парк пачнуцца ў найбліжэйшы час. «Усё залежыць ад таго, ці дазволяць умовы надвор’я весці работы. Можна сказаць дакладна, што пры наступленні цяпла скейт-парк будзе працаваць на новым месцы», – падзялілася планамі намеснік начальніка аддзела гарвыканкама.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая