RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У школах і гімназіях Магілёўскай вобласці на восеньскіх канікулах аздаровіцца амаль 7,5 тыс. дзяцей

Ва ўстановах адукацыі Магілёўскай вобласці на восеньскіх канікулах будуць працаваць 250 лагераў з дзённым знаходжаннем, у якіх аздаровіцца амаль 7,5 тыс. дзяцей. Пра гэта паведамілі ў галоўным упраўленні па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.

«Прышкольныя лагеры – гэта адна з самых папулярных формаў аздараўлення навучэнцаў, якая заўсёды запатрабавана ў канікулярны перыяд, – адзначылі ва ўпраўленні. – Тут прадугледжаны аптымальны рухальны рэжым, гартаванне, збалансаванае харчаванне і рацыянальны распарадак дня, што дазваляе фарміраваць у дзяцей навыкі здаровага ладу жыцця. Штодзённая праграма ўключае спартыўна-аздараўленчыя мерапрыемствы, прагулкі і гульні на свежым паветры, пешаходныя маршруты».

У планах выхаваўчай працы кожнага аздараўленчага лагера шмат цікавых і карысных спраў. Сярод іх асаблівае месца займаюць грамадзянска-патрыятычныя мерапрыемствы. Напрыклад, у дзень адкрыцця лагераў праводзяцца ўрачыстыя лінейкі «Нашы сімвалы – наш гонар!». Акрамя таго, падчас рэалізацыі аздараўленчай змены запланаваны віртуальныя падарожжы па беларускіх музеях, урачыстасці і прэзентацыі, прысвечаныя Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, правядзенне акцыі «#Мая_Зямля_Прыдняпроўе».

Напрыклад, у сярэдняй школе № 4 Шклова адбудзецца мерапрыемства «Гісторыя роднага Шклова» і займальны квэст «Сталкер 54.30», заданні якога накіраваны на павышэнне матывацыі вывучэння гісторыі роднага краю. Для навучэнцаў старэйшага школьнага ўзросту ў Шклоўскай гімназіі і СШ № 4, а таксама ў Гарадзішчанскай сярэдняй школе будуць працаваць швейныя і рамонтныя вытворчыя брыгады. Вучні атрымаюць магчымасць правесці час з карысцю – і пагутарыць, і зарабіць.

Ва ўстановах адукацыі Магілёва ў канікулярны перыяд пройдзе гарадская акцыя «Бяспечныя канікулы – на карысць!». Кожны яе дзень стане тэматычным: ініцыятыва пачнецца 1 лістапада з дня прававых ведаў і скончыцца 6 чысла днём сям’і. Таксама дзяцей чакаюць дні пазітыву, здароўя, бяспечных паводзін на дарозе і пры надзвычайных сітуацыях, грамадзянска-патрыятычнага выхавання.

Акрамя таго, запланаваны агульнагарадскія тэматычныя мерапрыемствы, большасць з якіх арганізавана дыстанцыйна: краязнаўчыя квізы, анлайн-квэсты, гульні-падарожжы, віктарыны, фотатуры і многае іншае. Працягнецца правядзенне гарадской акцыі «Бяспечны інтэрнэт – дзецям!», а з 1 па 7 лістапада запланаваны гістарычны марафон «Назад, у СССР!», прымеркаваны да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.

У кожнай навучальнай установе штодня з 09.00 да 20.00 будуць працаваць спартыўная зала, камп’ютарны клас, бібліятэка і пакой псіхалагічнай разгрузкі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая