У VIII Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску прымуць удзел адзінаццаць тэатраў з сямі гарадоў Беларусі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Ірына Дрыга.
«Вельмі прыемна, што ў гэтым годзе ў нас адноўлены і пройдзе ў Бабруйску з 11 па 16 лістапада VIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча. Фестываль уключае дзве конкурсныя праграмы: «Спектакль тэатра драмы» і «Эксперымент». Усяго ўдзельнічае адзінаццаць спектакляў, у тым ліку ў намінацыі «Спектакль тэатра драмы» – восем спектакляў, у праграме «Эксперымент» – тры спектаклі», – расказала Ірына Дрыга.
Шырока прадстаўлена геаграфія ўдзельнікаў фестывалю. «У нашым конкурсе прымаюць удзел тэатры з Брэста, Віцебска, Гомеля, Маладзечна, Бабруйска, Магілёва і Мінска. Гэта чатыры тэатры, якія падпарадкоўваюцца Міністэрству культуры, і сем тэатраў, якія працуюць у абласных і нават раённых цэнтрах. Для мастацтва няма геаграфічных межаў, няма ў нас ні культурнай сталіцы, ні культурнай правінцыі, перыферыі – у нас адзіная культурная прастора», – падкрэсліла начальнік галоўнага ўпраўлення.
Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі рыхтавалі доўга, адборы праходзілі яшчэ ў 2021 годзе, дапоўніла Ірына Дрыга. «І па розных прычынах, у тым ліку звязаных з эпідэміялагічнай сітуацыяй, фестываль быў перанесены на 2022 год. Але тыя спектаклі, якія былі адабраны, захаваліся ў праграме. Таксама адабралі два новыя спектаклі: гэта пастаноўкі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача і Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча», – адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення.
«Нам вельмі радасна, што, нягледзячы на розныя эпідэміялагічныя і іншыя прычыны, нягледзячы на змены складу трупы некаторых нашых тэатраў, фестываль жыве і развіваецца, узбагачаецца, прырастае ўдзельнікамі, цікавымі спектаклямі, сярод якіх пастаноўкі як па творах сучасных аўтараў, так і па творах класікаў беларускай літаратуры», – дадала Ірына Дрыга.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
16.07.2024 - 09:27
12.07.2024 - 09:25
Ансамблі фальклорнай і народнай песні выступяць на рэгіянальным конкурсе ў Чэрыкаўскім раёне
08.07.2024 - 14:55
06.07.2024 - 18:14
Анатоль Маркевіч на свяце «Купалле»: толькі ў адзінстве мы можам тварыць і ствараць