RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У вырашэнні праблем грамадзян нельга разводзіць папяровую валакіту – Леанід Заяц

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц правёў асабісты прыём грамадзян у Магілёве.

На прыём звярнулася жыхарка Магілёва: для яе сям’і вельмі востра стаіць пытанне ўладкавання пандуса на першым паверсе ў жылым доме. Іх сям’я выхоўвае двух дзяцей, аднаму з іх 7 гадоў, ён мае 4-ю ступень страты здароўя. «Жылое памяшканне, дзе мы пражываем, з’яўляецца сацыяльным, як і ўвесь дом. Ён быў пабудаваны ў 2019 годзе, аднак тады ніхто не прадугледзеў уладкаванне безбар’ернага асяроддзя. Там літаральна пяць прыступак неабходна зрабіць для таго, каб маё дзіця мела магчымасць дыхаць свежым паветрам», – адзначыла магіляўчанка.

Як адзначыў старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў, пры будаўніцтве дома першапачаткова была дапушчана памылка – не прадугледзелі наяўнасць пандусаў. Да вырашэння дадзенага пытання неабходна падыходзіць комплексна: у гэтым доме яны патрэбныя ў кожным пад’ездзе. Ён падкрэсліў, што на працягу двух месяцаў будзе ўладкаваны пад’ёмнік.

«Нельга разводзіць папяровую валакіту ў такіх пытаннях. Людзі не павінны звяртацца некалькі разоў з аднымі і тымі ж праблемамі. І калі начальнік адказнай структуры застаецца абыякавым,неабходна вырашаць пытанне аб яго прафпрыдатнасці», – падкрэсліў Леанід Заяц.

Яшчэ адна магіляўчанка звярнулася з пытаннем аб пахаванні хатніх жывёл у Магілёўскай вобласці. «У многіх ёсць хатняя жывёла, якое вам не проста сябар, а член сям’і. І калі здараецца так, што жывёла сыходзіць з жыцця, хочацца зрабіць усё гэта цывілізавана. У Магілёве ёсць стыхійныя пахаванні, але ўсе яны не адпавядаюць санітарным нормам. А важна, каб такія месцы былі бяспечныя для навакольнай прыроды», – адзначыла магіляўчанка.

На яе думку, такія месцы пахаванняў патрэбныя ва ўсёй вобласці. «Я разумею, што ў межах Магілёва знайсці такое месца будзе праблематычна. Але калі непадалёк ад Магілёва ўладкаваць такое месца – людзі будуць ездзіць. Галоўнае, каб была магчымасць дабрацца туды. Акрамя таго, паслугі па пахаванні жывёл, утрыманні гэтых могілак будуць дадатковымі паступленнямі ў бюджэт вобласці. Галоўнае, разумна і граматна падысці да вырашэння гэтай праблемы», – сказала жанчына.

Леанід Заяц адзначыў, што трэба дэталёва вывучыць магчымыя месцы для такіх пахаванняў. «Вядома, важна, каб людзі падыходзілі да гэтага пытання цывілізавана. Мы паглядзім усе магчымыя варыянты і будзе працаваць у гэтым кірунку», – дадаў ён.

Па словах старшыні гарвыканкама, у горадзе некалькі гадоў таму дэталёва вывучалася гэтае пытанне. «У Магілёве пакуль не ўдалося знайсці такое месца, якое будзе адпавядаць усім неабходным нормам. Мы ўжо вывучалі гэтую праблему на сваім узроўні. Падключым Магілёўскі райвыканкам, папрацуем з імі», – падкрэсліў Уладзімір Цумараў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая