RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу «Залатая літара» прайшла ў ДК вобласці

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў XX Нацыянальнага конкурсу «Залатая літара» адбылася 28 мая ў Палацы культуры вобласці ў рамках Форума медыйнай супольнасці Беларусі ў Магілёве.

Цырымонія ўзнагароджання сабрала ў зале Палаца культуры вобласці найлепшых прадстаўнікоў друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, інфармацыйных агенцтваў і сеткавых выданняў з усёй краіны.

Так, сярод найлепшых з лепшых сталі і прадстаўнікі СМІ Магілёўскай вобласці.

ГРАН-ПРЫ «Лепшы творчы праект года абласных, раённых, гарадскіх, карпаратыўных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў, сеткавых выданняў» атрымаў праект «Палітыка без грыму» («Вострая тарка») журналістаў КВУП «Інфармацыйнае агенцтва «Магілёўскія ведамасці». Узнагароду Ксеніі Буглак і Крысціне Шапіевай уручыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка.

Спецыяльны прыз «За ўклад у журналістыку» атрымаў карэспандэнт УКИП «Рэдакцыя газеты «Зямля і людзі» Уладзімір Капуза. Ганаровую ўзнагароду ветэрану магілёўскай журналістыкі ўручыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў.

Як прызнаўся сам Уладзімір Максімавіч, да гэтай узнагароды ён ішоў практычна 50 гадоў, таму для яго яна неацэнная і вельмі значная. Гэта, паводле слоў Уладзіміра Капузы, лепшая ацэнка яго журналісцкай дзейнасці.

Творчы конкурс пад эгідай Міністэрства інфармацыі Беларусі па праве можна назваць традыцыйным. У гэтым годзе ён праходзіць у 21 намінацыі, у якіх былі прадстаўлены больш за 350 работ. З усіх конкурсных заявак 259 паступілі ад рэгіянальных СМІ, 60 - рэспубліканскіх, 33 - карпаратыўных і гарадскіх.

Таксама пераможцам Нацыянальнага конкурсу «Залатая літара» ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы сацыяльна-эканамічнай тэматыкі» стаў калектыў рэдакцыі раённай газеты «Ударны фронт».

Конкурс «Залатая літара» садзейнічае развіццю друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, інфармацыйных агенцтваў і сеткавых выданняў краіны, актуалізацыі значных тэматычных напрамкаў дзейнасці СМІ па рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, павышэнню прафесійнага і ідэйна-змястоўнага ўзроўню СМІ, стымуляванню творчай дзейнасці журналістаў і іншых творчых работнікаў, занятых у працэсе вытворчасці СМІ. Арганізатарам конкурса з`яўляецца Міністэрства інфармацыі.

mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая