RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Ураджай» Гран-пры сабралі навучэнцы Магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў гэтай восенню

Восень 2021 года стала па-сапраўднаму залатой для навучэнцаў Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Яўгена Глебава. Адзін за адным яе выхаванцы атрымалі высокія ўзнагароды на прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсах.

Як расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце спецыяльнага цыкла навучальнай установы Наталля Алісеева, 14-гадовы піяніст Данііл Лазарэнка (выкладчык Наталля Блашкова) стаў абсалютным пераможцам сярод 1356 удзельнікаў, якія прадстаўлялі інструментальную, вакальную, тэатральную, харэаграфічную і выяўленчую творчасць на IV рэспубліканскім конкурсе-фестывалі «RoskvitBY», які праходзіў у Магілёве. Яго бліскучая фартэпіянная тэхніка і неверагодная энергетыка не пакінулі публіку і высокапрафесійнае журы абыякавымі: Данііл атрымаў званне ўладальніка Гран-пры і галоўны прыз конкурсу – ВК‑тэлевізар.

Ягор Дудко (выкладчык Вікторыя Галуза, канцэртмайстар Ігар Пеганаў) другім разам удастоены Гран-пры III гарадскога адкрытага фестывалю-конкурсу «Рускі раманс», арганізаванага рускім культурна-асветніцкім таварыствам. Аксамітны лірычны барытон і неверагоднае абаянне выканаўцы не пакінулі шанцаў яго сапернікам з Беларусі і Расіі. Цырымонія ўзнагароджання і гала-канцэрт лаўрэатаў адбудзецца ў Магілёве ў снежні.

Ганна Цыганова, выхаванка эстраднай студыі пад кіраўніцтвам Алены Леўчанка, стала ўладальніцай Гран-пры Міжнароднага конкурсу мастацтваў «IMPULSE», які адбыўся ў Магілёве. Пышнае выкананне вядомай кампазіцыі «Beggin» і яркі артыстызм 12-гадовай вакалісткі прынеслі ёй заслужаную ўзнагароду.

Жадаем усім навучэнцам і педагогам гімназіі-каледжа мастацтваў такіх жа яркіх перамог у будучыні!

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая