RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Валерый Малашка: толькі разам мы выгадуем дастойных грамадзян нашай краіны

Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» патрабуе ўдзелу дарослых у лёсе дзяцей. Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка падчас наведвання дзіцячага дома сямейнага тыпу Святланы і Аляксандра Канаваленка ў аграгарадку Гарадзец Шклоўскага раёна.

«Я даўно знаёмы з гэтай сям’ёй, і ўжо каля 10 гадоў яна расце і развіваецца на маіх вачах, – сказаў Валерый Малашка. – Мне радасна бачыць, як хутка адаптуюцца і развіваюцца дзеці. Удвая прыемна ўсведамляць, што ёсць і мой асабісты ўнёсак у гэту выдатную сям’ю. У гэтым заключаецца сэнс дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці»: яна патрабуе ўдзелу дарослых у лёсе дзяцей. Толькі разам мы атрымаем жаданы вынік – вырасціць дастойных грамадзян нашай краіны».

Намеснік старшыні аблвыканкама прывёз навагодні падарунак – вялікую і зручную мяккую канапу для ўсёй сям’і. Акрамя таго, кожны з дзяцей атрымаў да свята прысмакі. Павіншаваў дзяцей і іх бацькоў і старшыня Шклоўскага райвыканкама Андрэй Камко.

Выхаванцы дома сямейнага тыпу падрыхтавалі займальную прэзентацыю, прысвечаную вывучэнню Беларусі. «Прыезду гасцей мы вельмі чакалі: доўга рыхтаваліся, шмат рэпеціравалі і хацелі іх парадаваць сваім выступленнем», – прызнаюцца дзеці.

Наша сям’я выхоўвае сем прыёмных дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і двух родных, – расказала мама Святлана Канаваленка. – У адрозненне ад звычайнай сям’і колькасць дзяцей у нас змяняецца, але мы толькі рады іх з’яўленню ў доме. Таксама шчыра радуемся за нашых дзяцей, калі яны вяртаюцца да сваіх бацькоў. Гэты год для нас быў вельмі прадуктыўным і прайшоў пад знакам падарожжаў: разам з дзецьмі аб’ехалі, напэўна, паў-Беларусі. Мы вывучылі сваю малую радзіму: пешшу і на веласіпедах пабывалі ва ўсіх кутках Гарадзецкага сельсавета, а таксама наведалі знакавыя для нашай краіны месцы баявой славы – Брэсцкую крэпасць, Хатынь, Курган Славы, музей савецка-польскай баявой садружнасці ў Леніна».

Сёння гасцей сустракаў і 15-гадовы Саша Раманаў, які жыве ў сям’і з 5 гадоў. За гэты час ён шмат чаму тут навучыўся: не толькі сябраваць і падтрымліваць сваіх блізкіх, але і дапамагаць па гаспадарцы. «Мы заўсёды робім усё разам, у тым ліку і рыхтуемся да Новага года, – гаворыць ён. – Я трапіў у сям’ю разам са сваім старэйшым братам Сяргеем, цяпер ён ужо ў Магілёве, вучыцца на аўтаслесара. Сям’я ў нас актыўная, дружная, вясёлая і пазітыўная. Святы таксама будзем сустракаць усе разам».

У завяршэнні пераднавагодняй і па-сямейнаму цёплай сустрэчы Валерый Малашка пажадаў усім шчасця і здароўя, а таксама выказаў упэўненасць, што наступны год будзе лепшым за папярэдні. «Пра тое, што надыходзячы 2022 год будзе нас больш радаваць, гаворыць нават той факт, што сыдзе вастрыня пандэміі, таму што мы ўжо больш чым на 50% прышчапіліся і пачынаем прышчэпліваць нашых дзяцей, – адзначыў ён. – Мы навучыліся жыць з гэтай бядой, якая неўзабаве павінна перайсці ў разрад сезонных захворванняў. Нават не сумняваюся, што паспяхова пройдзе рэферэндум, які дасць штуршок развіццю палітычнай сістэмы нашага грамадства. Таксама не сумняваюся, што мы ўсе будзем працаваць так, каб наша Радзіма квітнела».

БЕЛТАСБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая