Рус Бел Eng 中文

Валянціна Гірыловіч: Абноўленая Канстытуцыя закладзе трывалы падмурак для захавання незалежнасці нашай краіны і дабрабыту народа

Валянціна Гірыловіч, старшыня Быхаўскага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу:

– У канцы лютага ў нашай краіне павінен адбыцца рэферэндум па змене дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Лічу, што ў цяперашніх жыццёвых рэаліях гэта выразна прадуманае і своечасовае рашэнне, якое толькі паспрыяе згуртаванасці грамадзян і далейшаму паступальнаму сацыяльна-эканамічнаму развіццю нашай суверэннай і незалежнай дзяржавы.

Важна, што праект Асноўнага закона накіраваны на захаванне сацыяльна арыентаванага развіцця эканомікі, міру і згоды ў грамадстве, законнасці і парадку. Да таго ж, новымі паўнамоцтвамі «прырастае» Усебеларускі народны сход, які зможа зацвярджаць канцэпцыі ўнутранай і

знешняй палітыкі, атрымае права абвясціць Прэзідэнту імпічмент за дзяржаўную здраду ці іншае цяжкае злачынства.

Асноўным пасылам з’яўляецца і ўмацаванне прынцыпу прававой дзяржавы, у тым ліку закладзенае ў артыкул 28 аб неўмяшальніцтве ў прыватнае жыццё грамадзяніна і стварэнне ўмоў для абароны персанальных даных, бяспекі асобы.

Лічу таксама правільным замацаваць статус сям’і як саюза мужчыны і жанчыны. Бо сёння ў заходнееўрапейскіх краінах вітаецца з’яўленне аднаполых шлюбаў. Такая «дэмакратыя» выклікае адкрытае яе непрыманне, ідзе насуперак традыцыйным хрысціянскім і сямейным каштоўнасцям, на якіх выхаваны многія пакаленні беларусаў.

Дзяржава яшчэ гарантуе права на ахову здароўя, на падтрымку сем’яў з дзецьмі, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, яна спрыяе ўсебаковаму развіццю моладзі, забеспячэнню інвалідам роўных магчымасцей для ажыццяўлення сваіх правоў і свабод.

Падтрымліваю таксама захаванне нашай краінай міралюбнай накіраванасці ў знешняй палітыцы, а таксама выключэнне ваеннай агрэсіі са сваёй тэрыторыі ў дачыненні да іншых дзяржаў. Але толькі ў выпадку непрымянення сілы да нашай краіны звонку. Тады нам давядзецца абараняцца.

На мой погляд, абноўленая Канстытуцыя закладзе трывалы падмурак для захавання незалежнасці нашай краіны і дабрабыту народа, таму я абавязкова прыйду на ўчастак для галасавання, каб зрабіць свой выбар за годную будучыню.

bykhov.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая