RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Водныя біярэсурсы і аквакультуры. Як БДСГА рыхтуе спецыялістаў для рыбнай гаспадаркі

Дэкан факультэта біятэхналогіі і аквакультуры Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі Аляксандр Партной расказаў, як у ВНУ рыхтуюць спецыялістаў для рыбнай гаспадаркі.

«Мы пачалі рыхтаваць спецыялістаў больш за 30 гадоў таму, калі наша рыбная галіна сутыкнулася з неабходнасцю забеспячэння кадрамі, якіх у нас у краіне раней не рыхтавалі. У акадэміі была адкрыта адпаведная спецыяльнасць. На сённяшні момант яна называецца «водныя біярэсурсы і аквакультуры», да гэтага года яна насіла назву «прамысловае рыбаводства». Гэтая спецыяльнасць карыстаецца дастатковай папулярнасцю сярод абітурыентаў, таму штогод мы набіраем 20-25 чалавек на дзённую форму атрымання адукацыі і 25 чалавек - на завочную форму», - распавёў Аляксандр Партной.

Паводле яго слоў, сёлета прыём на спецыяльнасць прайшоў дастаткова паспяхова. «Мы набіралі на 1 курс 21 студэнта, пададзена было 37 заяваў. Гэта значыць конкурс склаў каля 1,7 чалавек на месца, што для біялагічных спецыяльнасцей аграрнага профілю дастаткова добра. Тры абітурыенты заключылі мэтавыя дагаворы з рознымі арганізацыямі нашай краіны, таму на першым курсе ў нас вучыцца тры мэтавікі», - дадаў дэкан.

Аляксандр Партной падкрэсліў, што факультэт мае добрую матэрыяльна-тэхнічную базу для якаснай падрыхтоўкі спецыялістаў.

«На тэрыторыі акадэміі знаходзіцца рыбаводны індустрыяльны комплекс па вырошчванні пасадачнага матэрыялу стронгі, што істотна паглыбіла падрыхтоўку і якасць спецыялістаў. На кафедры іхтыялогіі і рыбаводства, якая з'яўляецца базавай для іх падрыхтоўкі, ёсць устаноўкі замкнёнага водазабеспячэння, дзе ёсць магчымасць навучыць студэнтаў розным спосабам вырошчвання, узнаўлення рыб розных відаў. Вялікая ўвага надаецца сёння падрыхтоўцы спецыялістаў для вырошчвання каштоўных відаў рыб, паколькі ў нас гэты напрамак развіваецца ў Беларусі, асабліва ў Магілёўскай вобласці. Пабудаваны шэраг рыбаводных індустрыяльных комплексаў з замкнёным водазабеспячэннем. Таму ў нас ёсць усе ўмовы для таго, каб спецыялісты атрымалі добрую падрыхтоўку», - адзначыў дэкан факультэта біятэхналогіі і аквакультуры БДСГА.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая