RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Якія задачы ставіць Міністэрства адукацыі перад ВНУ ў новым навучальным годзе

Міністр адукацыі Андрэй Іванец у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» расказаў, якія задачы ставіць Міністэрства адукацыі перад ВНУ ў новым навучальным годзе.

У мінулым годзе была праведзена вялікая работа па актуалізацыі адукацыйных праграм, адзначыў Андрэй Іванец. «Больш чым 1,5 тыс. адпаведных праграм былі скарэкціраваны, каб выключыць дубліраванне дысцыплін і каб сапраўды насыціць нашы праграмы тымі прадметамі, якія неабходны для набыцця навыкаў і кампетэнцый студэнтаў для іх наступнай прафесійнай дзейнасці. Справа за малым - іх рэалізаваць», - сказаў ён.

Другі немалаважны напрамак - данастройка так званай няпрофільнай падрыхтоўкі. «Тут таксама праведзена вялікая праца. Цэлы шэраг нашых універсітэтаў фактычна спыніў набор па сваіх няпрофільных спецыяльнасцях. Кожны павінен разумець, наколькі ў яго сёння ёсць неабходнае кадравае і матэрыяльнае забеспячэнне, каб рыхтаваць адпаведных спецыялістаў. Мы павінны на гэтым сканцэнтраваць намаганні», - падкрэсліў міністр.

Трэцяе - пытанне руху наперад. «Сістэма вышэйшай адукацыі павінна зазірнуць за гарызонт. Гэтыя задачы нам ставіў Прэзідэнт. Таму, вядома, мы рыхтуем сёння цэлую серыю эксперыментальных праграм, якія будуць абсалютна ўнікальныя, адрозныя ад тых, якія рэалізуюцца ў нашых ВНУ. У сувязі з гэтым з расійскімі калегамі падпісаны ўжо адпаведныя пагадненні. З наступнага года мы на базе трох універсітэтаў - БНТУ, БДУІР і БДУ - пачнем рэалізоўваць цэлую серыю сумесных адукацыйных праграм з Маскоўскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам імя Н.Э. Баумана. Сёння мы павінны працаваць на перспектыву», - звярнуў увагу Андрэй Іванец.

Немалаважнымі застаюцца і пытанні камерцыялізацыі навуковых вынікаў, таму Міністэрствам адукацыі ўжо на працягу шэрага гадоў ставіцца абсалютна канкрэтная задача не толькі па нарошчванні экспарту адукацыйных паслуг, але і па нарошчванні экспарту навуковай прадукцыі. «За апошнія тры гады мы ў два разы змаглі нарасціць гэтыя паказчыкі. Гэта сведчыць аб тым, што нашы навуковыя распрацоўкі запатрабаваны не толькі ў краіне, але і за яе межамі», - рэзюмаваў кіраўнік ведамства.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая