Юбілейны дабрачынны марафон «Сагрэем дзіцячыя сэрцы» стартуе ў Магілёўскай вобласці 1 снежня. Пра гэта расказала дырэктар Магілёўскага абласнога аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд» Ірына Фісюк.
«Мы ўжо пачалі падрыхтоўку да юбілейнага, дзясятага, дабрачыннага марафону «Сагрэем дзіцячыя сэрцы». У Магілёўскай вобласці ён праходзіць з 2012 года і стаў добрай традыцыяй – гэта складовая частка рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці». Галоўная мэта марафону – дапамога дзецям-сіротам, якія знаходзяцца пад апекай, дзецям-інвалідам, хворым дзецям, дзецям з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, а таксама прыцягненне ўвагі да праблем гэтай катэгорыі дзяцей. Падчас навагодніх і калядных святаў для такіх дзетак пройдзе шмат розных мерапрыемстваў», – расказала Ірына Фісюк.
Так, у абласным цэнтры творчасці для дзяцей з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з усяго рэгіёна, а таксама выхаванцаў спецшкол і інтэрнатаў традыцыйна рыхтуюць вялікае свята. У Магілёўскім абласным тэатры лялек пройдзе мерапрыемства для дзяцей з цяжкімі формамі інваліднасці. Магілёўская гімназія-каледж мастацтваў імя Яўгена Глебава і тэатр імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску арганізуюць святы для дзяцей і іх сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У цэнтры медыцынскай рэабілітацыі для дзяцей, якія знаходзяцца на лячэнні і рэабілітацыі, зладзяць вялікае свята з удзелам валанцёраў і артыстаў.
«Усе ўдзельнікі нашых святаў атрымліваюць навагоднія падарункі. У мінулым годзе пры падтрымцы гарадской дабрачыннай грамадскай арганізацыі «Благо» падарункі атрымала амаль 1,5 тыс. дзяцей – усе выхаванцы ДДСТ і карэкцыйных цэнтраў», – адзначыла дырэктар абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду.
Адным з асноўных этапаў абласной дабрачыннай акцыі па традыцыі будзе тэлемарафон. Сёлета ён пройдзе 17 снежня. «Такія тэлемарафоны праходзяць на працягу некалькіх гадзін у прамым эфіры на тэлеканале «Беларусь 4. Магілёў». У студыю прыходзяць госці: прадстаўнікі выканаўчай улады, арганізацый, прадпрыемстваў і ведамстваў, грамадскіх аб’яднанняў і іншыя. Кожны з іх прыходзіць з падарункамі і сертыфікатамі. Падчас тэлемарафону транслююцца відэаролікі аб тых дзецях, якія маюць патрэбу ў дадатковай падтрымцы і ўвазе. Да дапамогі такім дзецям падчас тэлемарафону могуць далучыцца і жыхары рэгіёна», – расказала Ірына Фісюк.
Па выніках мінулага тэлемарафону было сабрана больш за Br62 тыс. Гэтыя грашовыя сродкі былі накіраваны на аказанне адраснай дапамогі дзецям і спецыялізаваным установам аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны для набыцця неабходнага абсталявання і тэхнікі.
«З кожным годам усё больш людзей далучаецца да нашага марафону. Штогод мы стараемся дадаваць новыя формы. Летась Магілёўскае абласное аддзяленне «Беларускага дзіцячага фонду» і РУП «Белпошта» сумесна з гандлёвымі аб’ектамі рэгіёна правялі акцыю «Калядная пасылка». Кожны жадаючы мог перадаць падарункі для выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Вынікам акцыі сталі 52 пасылкі, – адзначыла Ірына Фісюк. – У сілах кожнага з нас падарыць напярэдадні навагодніх і калядных святаў часцінку дабрыні, клопату і ўвагі тым дзецям, якія ў сілу розных абставін апынуліся ў складанай сітуацыі. І мы бачым, што жыхары Магілёўскай вобласці спагадлівыя і добрыя. Таму што з кожным новым марафонам мы дапамагаем вялікай колькасці дзяцей».
Арганізатарам дабрачыннай акцыі выступае МГА РГА «Беларускі дзіцячы фонд» пры падтрымцы Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
03.05.2024 - 11:13
03.05.2024 - 10:47
02.05.2024 - 15:29