RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Юбілейны медаль у гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ўручыў старшыня Магаблвыканкама Леанід Заяц ветэрану Івану Бацанкову

Юбілейны медаль «75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» уручыў сёння старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц інваліду Вялікай Айчыннай вайны Івану Бацанкову. З высокай узнагародай яго таксама павіншавалі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл Русы і ваенны камісар ваеннага камісарыята Магілёўскай вобласці Аляксандр Гарошкін.

«Вам давялося жыць у цяжкі час, – адзначыў, звяртаючыся да ветэрана, кіраўнік Прыдняпроўскага краю. – Але вы, як салдат Айчыны, годна пранеслі свой крыж. Не менш давялося прайсці і ў пасляваенны час: падняць з руін дзяржаву, паставіць на ногі дзяцей і добрасумленна прапрацаваць больш за 40 гадоў трактарыстам-машыністам. Толькі моцным людзям даецца такі лёс. Дзякуй вам за подзвіг салдата і за подзвіг на мірнай ніве». 

У сваю чаргу ваенны камісар ваеннага камісарыята Магілёўскай вобласці Аляксандр Гарошкін дадаў, што ўсяго ў рэгіёне будзе ўзнагароджана больш за 2,7 тыс. чалавек. З іх 599 ветэранаў і 2 147 былых вязняў фашысцкіх лагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны. На сённяшні дзень уручана больш за палову медалёў. Да 3 ліпеня, Дня Незалежнасці Беларусі, узнагародзяць ветэранаў. На працягу года медалі знойдуць сваіх адрасатаў, ніхто не застанецца без увагі.

Іван Бацанкоў нарадзіўся 18 сакавіка 1923 года ў Слаўгарадскім раёне. З 1941 па 1942 год ветэран праходзіў ваенную падрыхтоўку ў Падмаскоўі, а ўжо ў кастрычніку 1942-га маладога салдата адправілі на фронт пад Сталінград. Баявы шлях пралягаў праз усю Украіну, Польшчу на Кёнігсберг. Раненне атрымаў 15 мая 1945-га і цэлы год праляжаў у шпіталі. Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі. У мірны час больш за 40 гадоў працаваў трактарыстам-машыністам першага класа ў саўгасе «Жалезінскі» Слаўгарадскага раёна.

Нагадаем: Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 красавіка падпісаў указ №134 аб устанаўленні юбілейнага медаля «75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Узнагарода вырабляецца з латуні. На адным яго баку намаляваны абеліск «Мінск – горад-герой» і скульптура жанчыны, якая ўвасабляе вобраз Радзімы. Па акружнасці нанесены надпіс «Подзвіг народа несмяротны».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая