RU BY EN 中文
Twitter Instagram

З 3 лютага пачынае працу выстава «Пакаленні», прысвечаная 110-годдзю з дня нараджэння П.У. Масленікава

Выстава «Пакаленні», прысвечаная 110-годдзю з дня нараджэння Паўла Васільевіча Масленікава, адкрыецца 3 лютага ў музеі імя мастака. Пра гэта паведамілі ва ўстанове культуры.

У экспазіцыі можна будзе азнаёміцца з творамі Паўла Васільевіча, якія не выстаўлены ў галерэі, а таксама з работамі яго сына ўнука і вучняў. Наведвальнікам будзе ўнікальная магчымасць убачыць тэатральныя дэкарацыі, асабістыя рэчы, фатаграфіі і ўзнагароды Народнага мастака Беларусі.

Тэатральны жывапісец, майстар пейзажа, мастацтвазнаўца, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, народны мастак Беларусі ён жыў працэсам творчасці, шанаваў працу, майстэрства і прафесіяналізм.

Нарадзіўся Павел Масленікаў 14 лютага 1914 года ў в. Нізкая вуліца (Княжыцы) Магілёўскага павета і губерні. Скончыў Віцебскае мастацкае вучылішча, Інстытут жывапісу, скульптуры, архітэктуры імя У. Рэпіна ў Ленінградзе.

З 1938 года працаваў мастаком-дэкаратарам, мастаком-пастаноўшчыкам у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі. У 1941-1945 гадах удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. З 1946 па 1964 год П.У. Масленікаў - мастак-пастаноўшчык у Беларускім дзяржаўным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, рэктар Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута.

Творы Паўла Масленікава знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, музеях Мінска, Магілёва, Масквы, Грознага, а таксама ў прыватных галерэях, музеях і калекцыях Японіі, Францыі, Венгрыі, Швейцарыі і іншых краін. У Магілёўскім абласным мастацкім музеі з 1997 года існуе мемарыяльная карцінная галерэя П. Масленікава, якую заснаваў сам мастак яшчэ пры жыцці, падарыўшы музею 125 жывапісных твораў. Фонды галерэі папаўняюцца за кошт дароў сям'і мастака, Міжнародных пленэраў па жывапісе імя П. Масленікава "Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве", пакупкай карцін.
 
У 1997 годзе недалёка ад будынка музея П. Масленікава ўстаноўлены помнік-бюст мастака, выкананы лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь скульптарам В. Лятуном.
 
Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае юбілейнай даце, адбудзецца 14 лютага.

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая