RU BY EN 中文
Twitter Instagram

За 6 месяцаў 2020 года ўведзена ў эксплуатацыю 100 аб’ектаў, уключаных у інвестыцыйную праграму Магілёўскай вобласці

У першым паўгоддзі ўведзена ў эксплуатацыю 100 аб’ектаў, уключаных у інвестыцыйную праграму Магілёўскай вобласці на 2020 год. Пра гэта паведаміў сёння на чарговай дваццаць трэцяй сесіі Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Ігар Клішо. Ён праінфармаваў прысутных аб ходзе рэалізацыі дакумента.

    

У ліку аб’ектаў, якія былі здадзены, лячэбны корпус Бабруйскай гарадской дзіцячай бальніцы, басейн СШ № 46 г. Магілёва, біятлоннае стрэльбішча і лыжаролерная траса на тэрыторыі чавускай базавай школы-інтэрната, мемарыяльны комплекс «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» ў в. Боркі Кіраўскага раёна. Ігар Клішо дадаў, што ўжо гатовая новая паліклініка ў мікрараёне Казіміраўка абласнога цэнтра. Тут завершаны будаўнічыя работы, ідзе мантаж абсталявання. Да 7 лістапада плануецца здаць медустанову ў эксплуатацыю.

  

Усяго ж інвестыцыйнай праграмай рэгіёна на бягучы год запланавана праектаванне і будаўніцтва (рэканструкцыя) 363 аб’ектаў (129 пераходзіць з мінулых гадоў). Найбольшая іх колькасць–182– адносіцца да інжынернай і транспартнай інфраструктуры для раёнаў жылой забудовы. Прадугледжаны работы па будаўніцтве новых вулічных размеркавальных газаправодаў (57 аб’ектаў). У сферы сельскай гаспадаркі, рыбагаспадарчай дзейнасці запланавана да ўводу 2 аб’екты, у сферы аховы навакольнага асяроддзя–2, жыллёва-камунальных паслуг і жыллёвага будаўніцтва – 71, аховы здароўя – 7, фізічнай культуры, спорту, культуры і сродкаў масавай інфармацыі – 3, адукацыі – 3. У рэгіёнах Магілёўшчыны, пацярпелых у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, – 34.

         

Па словах Ігара Клішо, зусім нядаўна завершана будаўніцтва новага будынка музея па вуліцы Савецкая, 13А ў Бялынічах. Працягваецца ўзвядзенне і рэканструкцыя такіх сацыяльна значных аб’ектаў, як пуцеправод-дублёр вул. Якубоўскага – Загарадная шаша і фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам у мікрараёне жылой забудовы «Фаціна» ў Магілёве, дзіцячы сад на 240 месцаў з басейнам у мікрараёне № 7 Бабруйска, дзіцячы сад на 75 месцаў у Слаўгарадзе.

Таксама ў межах распараджэння Прэзідэнта Беларусі ад 1 ліпеня 2020 г. «Аб дадатковых мерах па рашэнні актуальных пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва» ў 2020 годзе плануецца пачаць будаўніцтва радыелагічнага корпуса № 3 абласнога анкалагічнага дыспансера, інфекцыйнага корпуса на тэрыторыі Магілёўскай бальніцы № 1, сярэдняй школы на 1020 навучэнцаў з крытым плавальным басейнам у мікрараёне № 7 і дзіцячага сада-ясляў на 240 месцаў з крытым басейнам па вул. Дняпроўскай флатыліі ў Бабруйску.

Пры абмеркаванні вынікаў выканання інвестыцыйнай праграмы вобласці на гэты год прагучалі некаторыя заўвагі і прапановы. Так, старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Анатоль Глаз звярнуў увагу: магчыма, ёсць неабходнасць фарміравання такога дакумента на двухгадовы або пяцігадовы перыяд. Гэта дапаможа будаўнічым арганізацыям вобласці вынікова арыентавацца ў планаванні і прадпрымаць максімальныя меры для выйгравання тэндараў. Зараз жа значную долю работ у рэгіёне выконваюць падрадчыкі з-за межаў вобласці, а значыць, бюджэтныя сродкі ідуць на аплату працы супрацоўнікаў іншых арганізацый і паказчыкі развіцця галіны плюсуюцца іншым.

Яшчэ адно важнае пытанне, на думку Анатоля Глаза, – адсутнасць спецыялістаў у галіне абсталявання для будаўніцтва бетонных дарог, хоць гэты кірунак цяпер з’яўляецца перспектыўным. Даводзіцца зноў жа прыцягваць падрадчыкаў звонку. Таму ёсць сэнс запланаваць у інвестыцыйнай праграме 2021 года сродкі на набыццё такога абсталявання.

Падчас дваццаць трэцяй сесіі Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў абмяркоўваліся не толькі вынікі рэалізацыі інвестыцыйнай праграмы за паўгоддзе. Прысутныя адкарэктавалі асобныя пазіцыі бюджэту вобласці і кампаненты некаторых рэгіянальных рашэнняў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая