За выхадныя ў Магілёўскай вобласці адбылося 9 пажараў, на якіх загінулі 3 чалавекі. Пра гэта паведаміла старшы інспектар абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

«У пятніцу, 22 студзеня, прыйшоўшы наведаць 77-гадовага брата, які адзін пражываў у жылым доме па вул. Рабчэўскага ў Клімавічах, жанчына выявіла задымленае памяшканне і гаспадара жылля без прыкмет жыцця, – распавяла Вольга Нехарошых. – Пажару як такога і не было – з-за тлення пасцельнай бялізны і прагару падлогі ў хаце закураны сцены і маёмасць у пакоі».

Як падзялілася субяседніца, гэта не адзінкавы выпадак. Яшчэ адно здарэнне з сумным зыходам адбылося ў вёсцы Савічы Бабруйскага раёна. Званок у службу МНС паступіў ад мясцовых жыхароў каля 3 гадзін ночы. Хата ўжо гарэла адкрытым полымем. Ратавальнікі не далі агню дабрацца да суседніх дамоў, а вось дапамагчы гаспадару ўжо было немагчыма.

Не пашкадаваў агонь і жыццё 49-гадовага жыхара вёскі Кашаны Крычаўскага раёна. Яго без прыкмет жыцця выявілі на падлозе пад абваленымі канструкцыямі палаючага дома.

Па словах суразмоўніцы, прычыны пажараў ва ўсіх выпадках устанаўліваюцца.

Рэд.