RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Задорна, ярка і смачна: у Магілёве выбралі лепшую маладую сям'ю горада

У Магілёве адбыўся фінальны этап гарадскога конкурсу «Маладая сям'я Беларусі». Свае інтэлектуальныя, творчыя і кулінарныя здольнасці дэманстравалі 5 сем'яў-фіналістаў.

«Удзельнікамі гарадскога конкурсу сталі маладыя сем'і горада. Па ўмовах, узрост аднаго з бацькоў не павінен перавышаць 31 год. Абавязкова - наяўнасць хаця б аднаго дзіцяці», - распавёў загадчык аддзялення дадатковай адукацыі ГУДА «Цэнтр творчасці «Эверэст» г. Магілёва» Павел Вінаградаў. - Пры падтрымцы Магілёўскага гарвыканкама конкурс праходзіць ужо трэці раз. І з кожным годам ён толькі набірае папулярнасць. Усе ўдзельнікі сёння атрымалі зарад станоўчых эмоцый, новыя знаёмствы. А пераможцы стануць уладальнікамі каштоўных і карысных падарункаў».

Па словах Паўла Вінаградава, такія конкурсы дэманструюць моладзі, што мець сям'ю і дзяцей - гэта выдатна. «Гэта спосаб папулярызаваць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. Ён паказвае, што магілёўскія маладыя сем'і - гэта яркія і творчыя людзі, якія не толькі на працы маюць поспех, але яшчэ і рэалізоўваюць свой творчы і крэатыўны патэнцыял», - адзначыў ён.

Прымаў фінал Цэнтр творчасці «Эверэст». Удзельнікам неабходна было прайсці чатыры конкурсныя іспыты. Усё пачалося з прадстаўлення кожнай сям'і: тут чыталі вершы, спявалі песні, гралі на баяне. Галоўная задача, якая стаяла перад канкурсантамі ў першым выпрабаванні, - цікава і яскрава расказаць аб сваёй сям'і. Другі конкурс - інтэлектуальны, дзе сем'і прадэманстравалі сваю кемлівасць і веданне гісторыі горада. Яскравым стаў і кулінарны этап спаборніцтваў. Караваі, тарты, дранікі - удзельнікі конкурсу не толькі расказвалі пра сваю страву, але і пра тое, якія традыцыі ёсць у іх сем'ях. Адна з умоў гэтага этапа - кулінарны шэдэўр трэба было рыхтаваць сям'ёй, можна было прыцягваць у памагатыя бабуль і дзядуляў. Завяршыліся фінальныя спаборніцтвы творчым этапам.

Адной з удзельніц конкурсу стала сям'я Аленцэвіч. «У нашай сям'і тры чалавекі. Разам з мужам выхоўваем дачушку Алісу, ёй два гады. Мой муж аспірант у Беларуска-Расійскім універсітэце. І яму там прапанавалі паўдзельнічаць у такім конкурсе. Мы з радасцю пагадзіліся, - распавяла Вера Аленцэвіч. - Такія конкурсы - цікавы вопыт. Рыхтаваліся сур'ёзна, часу спатрэбілася каля тыдня. Для кулінарнага этапа выбралі традыцыйную беларускую страву - дранікі. Мы, канешне, шмат чаго рыхтуем, але іх у нашай сям'і вельмі любяць. Яшчэ прадставім мае працы ў тэхніцы «выцінанка», толькі ўчора рамкі для іх перасталі рабіць».

Яшчэ адны ўдзельнікі конкурсу - сям'я Сазаненкавых. Вылучыць гэтую сям'ю было не складана - спецыяльна да конкурсу яны зрабілі сабе тэматычныя і аднолькавыя футболкі. «Мой муж Аляксей, старэйшы сын Арсень і малодшы Елісей, - прадстаўляе ўсіх маці Юльяна. - Мы сям'я крэатыўная і лёгкая на ўздым, любім удзельнічаць у розных конкурсах і мерапрыемствах. Наш Арсень - першакласнік, вучыцца ў сярэдняй школе №26. І вось там нам прапанавалі паспрабаваць свае сілы і ў гэтым конкурсе. І мы доўга не думалі - пагадзіліся».

Юльяна і Аляксей працуюць у Шклоўскім раёне ў сельскагаспадарчай арганізацыі. Абодва - ветэрынарныя лекары. «Але жывем у Магілёве. Мы стараліся зрабіць максімум да гэтага конкурсу. Стараемся ўдзельнічаць у розных конкурсах, былі нават прызёрамі «Уладара вёскі» ў 2014 годзе. Таму заўсёды за тое, каб выпрабаваць свае сілы. Рухацца трэба, нельга заседжвацца на месцы», - падзялілася актыўная маці Юльяна Сазаненкава.

Яшчэ адна сям'я - Ганны і Уладзіслава Саладухіных. Разам з імі ў конкурсе ўдзельнічае сыночак Станіслаў. «Мы актыўная сям'я, стараемся ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах. І да гэтага таксама рыхтаваліся. Вось для кулінарнага этапу на дапамогу прыйшлі бабулі - мы ўсе разам зрабілі каравай, - распавядае мама Ганна Саладухіна. - Сакрэт шчаслівай сям'і - у свеце ўнутры сваёй хаты, сваёй краіны і на ўсёй планеце. Бо калі над табой мірнае неба - хочацца тварыць, жыць і нешта ствараць».

Кіраўнік сям'і Уладзіслаў прызнаўся, што падрыхтоўка да конкурсу прайшла на адным дыханні.

Як адзначыла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама Ірына Сталярова, галоўная ідэя конкурсу - паказаць, якія яркія і творчыя сем'і ёсць у горадзе. «Сімвалічна, што конкурс праходзіць у Дзень сям'і. Так мы яшчэ раз падкрэсьліваем, наколькі значная сям'я для кожнага чалавека. Так мы яшчэ раз гаворым і пра сувязь пакаленняў, бо тут удзельнічаюць бацькі разам з дзеткамі, а за кулісамі дапамагаюць бабулі і дзядулі, хварэюць за іх, - адзначыла яна. - Сям'я - гэта надзейная апора. І сённяшняй моладзі важна паказваць, што сумяшчаць паспяховую кар'еру, выхаванне дзяцей, творчае жыццё вельмі нават магчымае».

У гэтым годзе перамогу ў гарадскім конкурсе атрымала сям'я Сазаненкавых.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая