Праведзены Камітэтам дзяржкантролю Магілёўскай вобласці маніторынг паказаў, што не ва ўсіх установах бюджэтнай сферы забяспечана належнае выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы па недапушчэнні зніжэння памераў налічанай заработнай платы работнікам пры ўвядзенні з 2020 года новых умоў аплаты працы. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні ведамства Аляксей Іглікаў.

Кантралёрамі ўстаноўлена зніжэнне налічанай заработнай платы за студзень 2020 года ў параўнанні са снежнем 2019-га ў 59 работнікаў трох устаноў адукацыі і адной спартыўнай на агульную суму звыш Br2,2 тыс. Выяўленыя недаплаты ў асноўным звязаны з няправільнай трактоўкай нормаў заканадаўства і памылкамі пры ўстанаўленні памераў асобных відаў надбавак.

Па выніках кантролю ўстановамі ў аператыўным парадку праведзены даналічэнні і выплаты заработнай платы работнікам.

Кантрольныя мерапрыемствы па выкананні патрабаванняў кіраўніка дзяржавы пры пераходзе на новыя ўмовы аплаты працы ў бюджэтнай сферы працягваюцца.