RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Засеўкі» ў Бабруйскім раёне: у Магілёўскай вобласці далі старт пасяўной

У Магілёўскай вобласці далі старт пасяўной: у Бабруйскім раёне прайшоў народны абрад «Засеўкі».

Як адзначыў падчас урачыстага мерапрыемства старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, для аграрыяў пачаўся экзамен на трываласць, у якім важны кожны пагодлівы дзень. «Па даўнім павер’і абрад «Засеўкі» спрыяе паспяховаму сельскагаспадарчаму году. А яшчэ гэта значыць, што на Магілёўшчыне пачалася вясновая пасяўная кампанія. Аднак, апроч народных павер’яў, каб атрымаць шчодры ўраджай, важна правесці пасяўную ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, – падкрэсліў ён. – Вельмі важна, каб кіраўнікі сельгасарганізацый, галоўныя спецыялісты, механізатары – усе, хто задзейнічаны на вясенне-палявых работах, папрацавалі максімальна якасна».

«Засеўкі» прайшлі сёння на полі каля в. Міхалёва-3 Бабруйскага раёна. Як расказала дырэктар ААТ «Міхалеўская Ніва» Алена Пацыенка, да пасяўной на месцах падыходзяць максімальна адказна. «Нам людзей карміць трэба, краіну. Атрымліваць выручку, каб людзі маглі карміць свае сем’і. Таму ўсе імкнуцца працаваць. Працаваць даводзіцца па 12 гадзін, увесь светлавы дзень. Калі трэба, і ўначы выходзім. Тэхніка ёсць, спецыялісты, – адзначыла яна. – У гаспадарцы 6,4 тыс. га ворыва, азімых пасеяна амаль 1,6 тыс. га, а яравых трэба пасеяць больш як 1,1 тыс. га. Увялі сёлета 100 га грэчкі, столькі ж – азімага ячменю. У гэтым годзе дадалі яго, таму што ў мінулым мы з эксперыментальнага поля сабралі добры ўраджай. Гэта вялікая дапамога гаспадарцы».

Па словах губернатара, сёлета ў Магілёўскай вобласці ёсць усё, каб якасна правесці пасяўную. «Ёсць усё неабходнае: насенне, угнаенні. Тэхніка адрамантавана, ёсць людскі рэсурс, – адзначыў ён. – У гэтым годзе мы змянілі структуру пасяўных плошчаў: павялічылі тэрыторыі пад бульбу, агароднінныя культуры, кукурузу на зерне. Усё гэта робіцца дзеля таго, каб у нас было малако і мяса. Мы разумеем, што сёлета будзе запатрабаванасць у прадуктах харчавання, і робім усё неабходнае, каб іх было дастаткова не толькі для нашага рэгіёна і краіны ў цэлым, але і для таго, каб мы маглі прадаваць іх за мяжу. Асаблівасць пасяўной у нашым рэгіёне ёсць: у частцы раёнаў ужо пачынаецца сяўба, а ў больш паўночных яшчэ няма. Але гэта нядрэнна, мы зможам размяркоўваць нашы рэсурсы, каб адсеяцца ва ўстаноўленыя тэрміны».

У рэгіёне трэба пасеяць больш як 385 тыс. га яравых культур, з якіх раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя будуць складаць больш як 113 тыс. га.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая