RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Зборная каманда Магілёва атрымала перамогу ў абласных спартыўных сустрэчах «Праз спорт і зносіны – да здароўя кожнага»

Каманда Магілёва атрымала перамогу ў абласных спартыўных сустрэчах «Праз спорт і зносіны – да здароўя кожнага». Спаборніцтва адбылося сёння ў СШ № 45 горада на Дняпры.

«У рэгіёне праводзіцца вялікая прафілактычная работа з цяжкімі падлеткамі. Як паказвае практыка, актыўныя мерапрыемствы з’яўляюцца адным з дзейсных і важных сродкаў у гэтым кірунку. Таму восьмым разам на Магілёўшчыне арганізуюцца абласныя спартыўныя сустрэчы, –адзначыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Магілёўскага аблвыканкама Наталля Ігнаценка. – Традыцыйнае мерапрыемства дае магчымасць маладым людзям не толькі праявіць творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, рэалізаваць сябе ў спартыўных спаборніцтвах, але і атрымаць станоўчыя эмоцыі, пазнаёміцца з іншымі актыўнымі хлопцамі».

Сёлета крыху змяніўся склад каманд. Акрамя зборных ад ваенна-патрыятычнага праваслаўнага клуба «Сокал», прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 2 дрэваапрацоўкі і падапечных камісій па справах непаўналетніх адміністрацый Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў горада Магілёва, за перамогу ўпершыню змагалася дружына з Горацкага раёна. «Гэты рэгіён быў выбраны не выпадкова, – удакладніла Наталля Ігнаценка. – Там ёсць праблемы з процівапраўнымі паводзінамі падлеткаў».

Хлопцы змагаліся ў трох эстафетах–бегавой, «Тунэль»і «Пасадзі бульбу». Затым сваю фізічную сілу, хуткасць і цягавітасць прадэманстравалі капітаны. Пасля прайшлі конкурсы з баскетбольным мячом «Вясёлыя пінгвіны»і «Патрап у кошык». Завяршыла праграму спаборніцтваў «Абводка фішак футбольным мячом». Камандзе-пераможцы і прызёрам сустрэч уручылі дыпломы і каштоўныя падарункі.

Арганізатарамі спаборніцтваў выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі, камісія па справах непаўналетніх, галоўнае ўпраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая