Новую лабараторыю анатоміі і фізіялогіі, функцыянальнай дыягностыкі адкрыюць 1 верасня ў Магілёўскім дзяржаўным медыцынскім каледжы. Пра гэта расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ганна Куляшова.

Да новага навучальнага года за бюджэтныя і ўласныя сродкі было закуплена больш за 40 адзінак сімуляцыйнага абсталявання, з іх 13 – высокатэхналагічнага. «У лабараторыі будзе знаходзіцца адно з самых сучасных абсталявання. Гэта інтэрактыўны анатамічны стол, які дапаможа навучэнцам у візуалізацыі і даследаванні ўнутраных органаў і сістэм чалавека. Анатомія з'яўляецца асноватворным прадметам для вывучэння іншых навучальных прадметаў спецыяльнага цыкла. Стол змяшчае рэальныя клінічныя выпадкі і фатаграфіі макрапрэпаратаў, дапамагаючы знаходзіць і разглядаць адхіленні або хваробы», – адзначыла Ганна Куляшова.

Другі напрамак працы кабінета – функцыянальная дыягностыка. Для адпрацоўкі навыкаў тут усталяваны паўнароставы манекен, які дазваляе праводзіць электракардыяграфію – просты і бяспечны метад даследавання працы сэрца з дапамогай датчыкаў.

«Дзякуючы гэтаму трэнажору ў будучых медыкаў сфармуюцца неабходныя навыкі правільнага накладання электродаў, запісы, расшыфроўкі, інтэрпрэтацыі электракарыёграмы і пастаноўкі правільнага дыягназу. Манекен дазваляе імітаваць больш за 40 розных станаў сэрца – ад нармальнага сінусового рытму да цяжкіх арытмій, блакад, інфаркту міякарда і фібрыляцыю страўнічкаў», – растлумачыла намеснік дырэктара.

Адначасова ў лабараторыі можа вучыцца да 30 чалавек. Паводле слоў Ганны Куляшовай, укараненне такіх тэхналогій значна павысіць узровень падрыхтоўкі будучых медыкаў.

БЕЛТА