Новыя магчымасці Крычаўскай ЦРБ - высокатэхналагічная дапамога для жыхароў паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўшчыны
Простая арыфметыка залатой гадзіны
Новыя магчымасці Крычаўскай ЦРБ як міжраённага медцэнтра: высокатэхналагічная дапамога для жыхароў паўднёва–ўсходняга рэгіёну Магілёўшчыны
Новая паліклініка ў Крычаве была адкрыта ў кастрычніку мінулага года ў дзень святкавання ў райцэнтры абласных «Дажынак». Узводзіць яе пачалі ў 2023 годзе. На будаўніцтва і абсталяванне корпуса было выдаткавана каля 60 мільёнаў рублёў. Крычаўская цэнтральная раённая бальніца стала трэцім у вобласці і 16–м у рэспубліцы міжраённым цэнтрам, задача якога – забяспечыць даступнасць і павысіць якасць аказання спецыялізаванай і высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі жыхарам паўднёва–ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласці. Усе гэтыя раёны адносяцца да тэрыторый, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.

Лакацыя для новай паліклінікі побач з цэнтральным раённым шпіталем была абраная не выпадкова. У Крычаве дарослая і дзіцячая паліклінікі, станцыя хуткай медыцынскай дапамогі, стаматалогія раней былі раскіданы па ўсім горадзе і размяшчаліся ў прыстасаваных памяшканнях. Пасля ўводу ў эксплуатацыю інтэграванай паліклінікі ўсе аддзяленні сканцэнтраваліся ў адным месцы, а значыць, можна аператыўна правесці абследаванне і шпіталізаваць пацыента.
Акцэнт міжраённага медцэнтра – на аказанні дапамогі ў выпадку інсульту або інфаркту. Тут устанавілі МРТ і ангіёграф. Да гэтага часу такімі дарагімі апаратамі былі абсталяваныя толькі клінікі абласнога цэнтра і Бабруйска. Ангіяграфічны кабінет працуе з кастрычніка 2025 года, за гэты час праведзена каля паўсотні даследаванняў.
Лекар – рэнтгена–эндаваскулярны хірург Міхаіл Жалдыбін працуе ў Крычаўскай ЦРБ пяты год. Пачынаў хірургам, а каб праводзіць высокатэхналагічныя аперацыі ўнутры сасудаў праз праколы скуры пад рэнтген–кантролем, прайшоў курсы перападрыхтоўкі. Крычаўскія ўрачы паспяхова асвойваюць высокатэхналагічнае абсталяванне пры падтрымцы больш вопытных спецыялістаў магілёўскіх клінік і рэгулярна павышаюць кваліфікацыю ў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Ангіяграфічны кабінет ужо працуе ў дзве змены.
— У выпадку інсульту ці інфаркту дапамога эфектыўная пры адной умове: трэба ўкласціся ў першую, залатую гадзіну, — расказвае Міхаіл Жалдыбін. – Менавіта тады больш шанцаў, што не разаўюцца фатальныя ўскладненні.

Арыфметыка своечасовай меддапамогі простая: калі адлегласць ад Хоцімска да Магілёва каля 200 кіламетраў, а да Крычава — 80, то відавочна, што міжраённы медыцынскі цэнтр — найлепшае рашэнне, тлумачыць урач. Міхаіл Жалдыбін родам з Крычаўскага раёна. З будучай жонкай пазнаёміўся ў бальніцы, яна ўзначальвае педыятрычнае аддзяленне. Маладыя спецыялісты атрымалі арэндную кватэру.
У 2025 годзе ў неўралагічным аддзяленні было пралечана каля 460 пацыентаў з вострым парушэннем мазгавога кровазвароту. Дапамога аказвалася жыхарам не толькі Крычаўскага, але і Касцюковіцкага, Краснапольскага, Клімавіцкага, Хоцімскага і іншых раёнаў. Нейравізуалізацыяй, гэта значыць метадам хуткай дыферэнцыяльнай дыягностыкі, былі ахоплены 100 працэнтаў пацыентаў.
Кабінет рэнтгенаўскай камп'ютарнай тамаграфіі працуе з 2020 года, даследаванні праводзяцца для жыхароў Крычаўскага, Клімавіцкага, Чэрыкаўскага, Мсціслаўскага, Краснапольскага, Чавускага, Слаўгарадскага і Хоцімскага раёнаў. За мінулы год было праведзена больш за 5,5 тысячы даследаванняў. Праца кабінета арганізавана ў дзве змены. Па экстраных паказаннях даследавання выконваюцца кругласутачна.
Маладыя спецыялісты лекары–рэнтгенолагі Наталля Трубячкова і Ігар Машчанка адзначаюць: пацыенты абследуюцца на самым сучасным абсталяванні. Наталля прыйшла па мэтавым накіраванні ў 2022–м, Ігар на два гады пазней. Яна з суседняга Мсціслаўскага раёна, ён з Чэрыкаўскага.
– Для замацавання маладых спецыялістаў важныя тры ўмовы: жыллё, вольны час і стаўленне адміністрацыі, – лічыць Наталля Трубячкова. – Мне далі арэндную кватэру ў новым доме, для моладзі ў раёне арганізуюць шмат мерапрыемстваў, вопытныя настаўнікі дапамагаюць хутка адаптавацца ў калектыве.

Цяпер у Крычаўскай ЦРБ 21 малады спецыяліст: 10 прыбылі на першае працоўнае месца ў 2024–м, чацвёра – у 2025–м і пецярых чакаюць сёлета. Замацоўванасць кадраў тут на высокім узроўні: сярод урачоў – 83 працэнты, сярэдняга медыцынскага персаналу – 87. Усім, хто мае патрэбу, прадастаўляецца арэнднае жыллё. У мінулым годзе 10 маладых спецыялістаў атрымалі кватэры ў новым доме. Расце сярэднямесячная заработная плата.
Галоўны ўрач Крычаўскай ЦРБ Аляксандр Плятнёў падкрэслівае, што дзякуючы падтрымцы дзяржавы і маштабным інвестыцыям у клініцы многія аддзяленні ўжо працуюць на міжраённым узроўні:
– Як міжраённы медыцынскі цэнтр бальніца працуе ў абласцях неўралогіі, уралогіі і хірургіі. Са снежня 2025 года ў бальніцы функцыянуе міжраённае кардыялагічнае аддзяленне, у якім прайшлі лячэнне больш за 200 чалавек, адкрыты міжраённы прыём кардыёлага, пашырана аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі.
У новай паліклініцы медабсталяванне абноўлена на 100 працэнтаў. Урачы сцвярджаюць, што тая ж афтальмалагічная ці стаматалагічная апаратура цяпер не горшая, чым у абласным цэнтры.
Хірургічная дапамога, акрамя насельніцтва Крычаўскага раёна, аказваецца жыхарам Чэрыкаўскага (экстраная і планавая), Клімавіцкага (лапараскапічныя аперацыі). За апошнія гады асвоены высокатэхналагічныя аперацыі. Да прыкладу, лапараскапічная герніапластыка з сеткаватым імплантам – гэта сучасны «безнацяжны» метад лячэння кіл. Эндаскапічная апендэктомія — малатраўматычнае выдаленне запалёнага апендыкса праз невялікія праколы з выкарыстаннем відэакамеры і інструментаў.
Да Крычаўскай ЦРБ адносяцца чатыры амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, тры з якіх размешчаны ў сельскай мясцовасці, а таксама 11 фельчарска–акушэрскіх пунктаў. Усе гэтыя падраздзяленні поўнасцю ўкамплектаваны медыцынскімі работнікамі. Дзякуючы своечасовай дыспансерызацыі і анкаскрынінгам палепшыўся паказчык выяўлення анказахворванняў на ранніх стадыях.
У 2020 годзе ў крычаўскай бальніцы была завершана рэканструкцыя стацыянара. Галоўурач Аляксандр Плятнёў падкрэслівае: дзяржава ўдзяляе ўвагу якасці медыцынскай дапамогі незалежна ад таго, ідзе размова аб вялікіх гарадах або аб глыбінцы. Каласальныя дзяржаўныя ўкладанні ў будаўніцтва сучасных медыцынскіх устаноў – гэта ўклад у здароўе нацыі.
У ЛІЧБАХ І ФАКТАХ
На развіццё матэрыяльна–тэхнічнай базы аховы здароўя Магілёўшчыны за мінулую пяцігодку накіравана каля мільярда рублёў. Створаны міжраённыя цэнтры, ліквідавана чарга на планавыя кардыяхірургічныя аперацыі, значна абноўлены аўтапарк хуткай дапамогі.
Па Дзяржаўнай праграме па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у Магілёўскай вобласці за апошнія гады былі пабудаваны інфекцыйныя карпусы Магілёўскай бальніцы № 1, радыялагічны корпус абласнога анкадыспансера, новы сучасны корпус фізічнай і рэабілітацыйнай медыцыны Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы. Таксама закуплялася медабсталяванне, мамографы, рэнтгенаўскія апараты, аўтатранспартныя сродкі. Былі рэканструяваны Чэрыкаўская і Краснапольская ЦРБ. У пацярпелыя раёны найперш размяркоўваюцца выпускнікі медвузаў.
Усяго на набыццё медабсталявання ў 2025 годзе накіравана амаль 75 мільёнаў рублёў.
Напярэдадні Урад вызначыў 16 праектаў, накіраваных на сацыяльна–эканамічнае развіццё рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Іх рэалізацыя прадугледжана ў 2026 годзе са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, выдзеленых аблвыканкамам у выглядзе субвенцый на развіццё гэтых тэрыторый. У Магілёўскай вобласці будзе зроблены акцэнт на ахову здароўя. У планах будаўніцтва лячэбна–дыягнастычнага корпуса Магілёўскага абласнога анкадыспансера і рэканструкцыя Чавускай ЦРБ.
Працягваецца будаўніцтва новага хірургічнага корпуса гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі імя У.А.Марзона, корпуса Магілёўскай паліклінікі № 10, мадэрнізацыя абласнога цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі. У планах будаўніцтва новай паліклінікі ў Бабруйску. Акрамя таго, у 2026 годзе будзе пачата мадэрнізацыя уралагічнага корпуса Магілёўскай клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, аперацыйнага блока Магілёўскай бальніцы №1.
Переводчик