Загадчык сектара праграмна–інфармацыйнага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Віктар Сідарэнка расказаў у праекце БЕЛТА «Краіна гаворыць», як сёння ўкараняецца цыфравізацыя ў сістэме аховы здароўя.

Віктар Сідарэнка зрабіў акцэнт на тым, што цяпер Міністэрствам аховы здароўя вядзецца актыўная работа па ўкараненні цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя. «Яна з 1 студзеня 2026 года ўведзена ў доследна–прамысловую эксплуатацыю. Яе асноўная мэта – сфарміраваць адзіны лічбавы контур у галіне для таго, каб у любы момант часу ў лекара пад рукой была поўная карціна пра яго пацыента», – растлумачыў ён.

Загадчык сектара праграмна–інфармацыйнага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя нагадаў, што працэсы цыфравізацыі пачаліся ў галіне яшчэ з канца 1980–х гадоў. «Што сёння рэальна працуе і функцыянуе, з чым кожны дзень сутыкаюцца нашыя пацыенты альбо нашыя медыцынскія работнікі? Самае масавае – гэта запіс на прыём, г.зн. талончыкавая сістэма. Яна ўкаранёная амаль у кожнай паліклініцы: пацыент, не выходзячы з хаты з дапамогай сеткі Інтэрнэт, можа замовіць сабе талон, запісацца да лекара або да якога–та вузкага спецыяліста. Сёння гэтая паслуга стала ўжо штодзённай – мы яе ўжо не ўспрымаем нават як новую», – дадаў ён.

На думку Віктара Сідарэнкі, наступны цікавы сэрвіс – гэта тэлекансультаванне. «Але тут мы адразу абмовімся: тут ідзе тэлекансультаванне ў рамках «лекар – лекар», калі патрабуецца аказанне медыцынскай дапамогі ў раённым цэнтры альбо ў абласной бальніцы спецыялістаў рэспубліканскага ўзроўню або з медыцынскага універсітэта. Працуе тэлемедыцынскае кансультаванне, г.зн. не трэба губляць час на тое, каб дадзены спецыяліст выехаў на месца», – звярнуў увагу эксперт.

Акрамя таго, Віктар Сідарэнка растлумачыў, ці ўсе ЦРБ і гарадскія клінікі сёння могуць звярнуцца ў РНПЦ па кансультаванне. «Калі мы гаворым пра раёны – то ўсё. У Мінску сітуацыя крыху іншая. Спецыялісты тут, скажам так, прыязджаюць ужывую, таму што тэрытарыяльныя ўмовы крыху іншыя. Але Менск і клінікі сталіцы выступаюць як кансультуючыя для раённага ці абласнога ўзроўню», – адзначыў ён. – Каля 70–80 тыс. такіх кансультацый у год праводзяцца з прымяненнем гэтай паслугі. Спектр запытаў розны: гэта і кардыялагічныя захворванні, і неўралагічныя, траўматалогія. Гаворым мы і пра афтальмалогію, таму тут сапраўды гэта запатрабавана».

Яшчэ адзін асобны напрамак – гэта медыцынскі рэгістр. «Фарміраванне пула пацыентаў, якім патрэбна альбо нейкая трансплантацыя, альбо ж яны знаходзяцца ў зоне рызыкі, напрыклад, у іх цукровы дыябет. Таксама ў нас быў створаны рэгістр пацыентаў, якім неабходна правесці эндапратэзаванне суставаў. Каля 21 рэгістра функцыянуе цяпер у галіне», – распавёў загадчык сектара праграмна–інфармацыйнага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя.

Таксама адзін з напрамкаў – гэта абмен лабараторнымі заключэннямі ў электронным выглядзе. «Найбольш яскрава гэта прадстаўлена ў Менску, калі пацыент здае свой біяматэрыял у адной арганізацыі аховы здароўя. У мэтах рацыянальнага падыходу гэты ўвесь матэрыял з'яжджае ў цэнтралізаваную лабараторыю, дзе з ім працуюць. І вынік ужо ў электронным выглядзе прыходзіць непасрэдна ў паліклініку, і пацыенту не трэба перамяшчацца па горадзе за яго заключэннем», – рэзюмаваў Віктар Сідарэнка.

БЕЛТА