RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Жанчыны-камбайнеры Шклоўскага раёна прымалі падарункі ад БСЖ

Жанчыны-камбайнеры Шклоўскага раёна прымалі падарункі і віншаванні ад Беларускага саюза жанчын.

«Рэспубліканская акцыя «Хлеб на далонях жанчыны» праходзіць сёння на Магілёўшчыне, – адзначыла дэпутат Палаты прадстаўнікоў і член праўлення БСЖ Вольга Петрашова. – Па традыцыі мы ўжо сёмы год адзначаем жанчын-камбайнераў, якія ўносяць свой пасільны ўклад у хлебны каравай краіны. Такіх на ўвесь рэгіён набралася ўсяго дзесяць чалавек – гэта жонкі і дочкі, маладыя спецыялісты і нават шматдзетныя мамы. Іх праца заслугоўвае павагі, а высокія вынікі ў бітве за ўраджай – нашай падзякі».

У Шклоўскім раёне жанчыны-камбайнеры працуюць у трох гаспадарках – ААТ «Амкадор-Шклоў», ЗАТ «Ніва» і ААТ «Гавяды-Агра». Так, муж і жонка Алена і Сяргей Галубцовы з ЗАТ «Ніва» за адным камбайнам ужо шостую ўборачную. За гэты час пачалі разумець адзін аднаго без слоў. «Жонка і гайку можа падкруціць, і ключ падаць – усё робім разам», – кажа муж.

«Жанчыне на камбайне няпроста, але чалавек да ўсяго прывыкае, таму і працуем бок аб бок не першы год, – кажа Алена Галубцова. – Збожжа прыбіраем ужо трэці тыдзень – праца адказная ад відна і да відна. Гарачае надвор’е, вядома ж, падсушыла ўраджай, але мы нацэленыя на вынік – будзем прыбіраць хлеб да апошняга зярнятка».

У ААТ «Амкадор-Шклоў» працуе 11 экіпажаў, з іх толькі адзін сямейны. Ужо другі тыдзень на палі гаспадаркі выязджаюць бацька і дачка Віталь Петрашэнка і Кацярына Крузьмер. Дзяўчына – будучы настаўнік фізкультуры, студэнтка трэцяга курса Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. На ўборачнай ужо не пачатковец – трэці год на пасадзе камбайнера. Віншаванні прымае з удзячнасцю: такая ўвага прыемная і натхняе на новыя перамогі ў бітве за ўраджай.

«Працу ўжо ведаем, усё ладзіцца і атрымліваецца, – кажа Кацярына Крузьмер. – Сябры і знаёмыя нават не дзівяцца, што ўсё лета працую на камбайне. Адзінае, да чаго дагэтуль не прывыкла – гэта ранні пад’ём: праца ідзе напружаная з 7 раніцы і да 10 вечара. Заробленыя грошы пакуль не марную: адкладаю на мару: хачу купіць машыну. Правы ўжо ёсць, засталася справа за малым».

Дэпутаты і прафсаюзы таксама пабывалі ў ААТ «Гавяды-Агра», дзе на адным камбайне працуюць маладыя Яўген і Ангеліна Шэўчык. На дзвюх мінулых уборачных яны значыліся як моладзевы змешаны экіпаж, а ў гэтым сталі яшчэ і сямейным. Вяселле згулялі ўсяго два тыдні таму, перад пачаткам масавай уборкі збожжавых. Мядовы месяц праходзіць у бітве за новы ўраджай.

Усе працаўніцы атрымалі ў падарунак ад дэпутата і прафсаюзаў бытавую тэхніку, пасцельную бялізну, касметыку і кветкі, а таксама пажаданні поспехаў у працы і сямейнага дабрабыту.

У гэтую ўборачную кампанію на палях рэгіёна працуе 961 экіпаж камбайнераў, у тым ліку 109 моладзевых, 84 сямейныя і 10 змешаных. Усяго на жніве задзейнічаны 701 кіроўца на адвозцы збожжа і 1605 механізатараў, сярод якіх 10 жанчын. Удзельніцы ўборачнай працуюць у Быхаўскім, Крычаўскім, Магілёўскім, Мсціслаўскім, Слаўгарадскім, Хоцімскім і Шклоўскім раёнах.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая