RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Журналісты наведалі ферму ў Мсціслаўскім раёне, на якой нібыта здзекуюцца з жывёл

Фота з фермы ў вёсцы Мілейкава Мсціслаўскага раёна, якія з’явіліся на днях у телеграм-канале, шакіравалі карыстальнікаў інтэрнэту. Змардаваныя каровы «патанаюць» у гноі, некаторыя знясілелі настолькі, што ўстаць ужо не ў стане, а побач з напаўжывымі каровамі – трупы. Людзі слушна задаваліся пытаннем: хто зладзіў гэты канцлагер для жывёл і куды глядзяць мясцовыя ўлады? Журналісты «СБ» на наступны дзень пасля таго, як здымкі з’явіліся ў сетцы, пабывалі на ферме, каб ацаніць тое, што адбываецца там сваімі вачыма.

Малочна-таварны комплекс «Мілейкава» ААТ «Натопа-Агра»– гэта некалькі будынкаў: два цялятнікі, два «дойныя» хлявы, два кароўнікі... Пакуль асноўны статак наядае бакі ў лугах, мы інспектуем адно памяшканне за адным, пачаўшы з самага далёкага ад цэнтральнага ўвахода. З фотаапаратам наперавес, папярэдне пераабуўшыся ў гумовыя боты. І першы, і пяты хлявы «расчаравалі»: няма тут нічога нават аддалена падобнага на фотасесію з інтэрнэту. Звычайныя кароўнікі: ляніва жуюць жуйку каровы, вада і сена ёсць, бруду–не больш, чым у астатніх. У цялятніках і зусім чысціня і ўтульнасць.

– У нас тут адных дойных кароў 640, а таксама няцелі, цяляты. Трэба сачыць, каб усе былі здаровыя, накормлены-напоены, каб было чыста, –уключаецца ў размову загадчык фермы Уладзімір Волкаў, якога, відавочна, развесялілі ў 35-градусную спякоту нашы боты.

– Адкуль у фэйку ногі растуць, здагадваюся. Я тут на траіх гора-работнікаў дакладную на імя дырэктара напісаў. Іх звольнілі. Вось, напэўна, і вырашылі паквітацца. А ў нас цяпер – праверка за праверкай…

Тут жа мы знайшлі кіраўніка «Натопа-Агра» Андрэя Кісялёва, галоўнага ветурача гаспадаркі Паўла Жабыку, галоўнага ветэрынарнага ўрача Мсціслаўскага раёна Віктара Біюмена і начальніка Мсціслаўскай рэгіянальнай інспекцыі ветэрынарнага нагляду Наталлю Аржанцаву.

– Да іх яшчэ з дзяржкантролю былі, з райвыканкама, – расказвае Кісялёў. – Мы ім не толькі гэты комплекс, але і астатнія паказалі: «Раздзел»,«Падсолтава». Ніхто парушэнняў не знайшоў. Ды і ніколі ў нас не было ніякага мора кароў, ніякай галадухі!

– У той жа вечар, як навіну ўбачыў, сюды прыехаў і з ходу зразумеў, што мяне, як і многіх іншых, дэзынфармавалі, – кажа Віктар Біюмен. — «Натопа-Агра» – сераднячок, які выпраўляецца: мадэрнізаваны цялятнікі, падзеж жывёлы ніжэй за норму, прырост пагалоўя ёсць. Хто маніпулюе фактамі на інфармацыйным полі, не ведаю. Маё меркаванне:новы кіраўнік проста аказаўся прынцыповым, патрабуе выразнага захавання дысцыпліны, і камусьці гэта не спадабалася.

Кісялёў, які на пасадзе ўсяго сем месяцаў, на праблему глядзіць, як і належыць гаспадарніку:

– Можа, камусьці гэта і не падабаецца. Але, як гаворыцца, сабака брэша, караван ідзе. У планах да восені кароўнікі падправіць, дзесьці замяніць дзверы, дзесьці–аконныя пралёты, яшчэ некалькі цялятнікаў мадэрнізаваць. Наводзіў тут парадак і буду наводзіць. Хоць, калі шчыра, крыўдна. Высмоктваць з пальца прасцей, чым прыйсці і араць тут ад світання да заходу. Сялянскі хлеб цяжкі, і вельмі непрыемна, калі хтосьці мімаходам б’е нахабнай хлуснёй па іміджы тваёй гаспадаркі і ўсёй сельскагаспадарчай галіны…

У тое, што падобнае ў іх раёне магчыма, старшыня Мсціслаўскага райвыканкама Дзмітрый Пімашэнка проста не паверыў:

– Ясна было адразу: гэта фэйк. А вось навошта ён патрэбны? Напэўна, не ўсім падабаюцца стабільная праца, рух наперад нашых прадпрыемстваў. Але на самай справе яны ёсць. У той жа «Натопа-Агра» плюсы і па пагалоўі, і малаку... Нашы гаспадаркі, дзе сёння мадэрнізуюцца фермы, МТК, працавалі і будуць працаваць на карысць сваёй Радзімы.

Рушыць услед іх прыкладу замест таго, каб апускацца да падобнага гнюснага паклёпу,– вось што хацелася б пажадаць у Год народнага адзінства «добразычліўцам» з сеткі.

 СБ

 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая