RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Жыхарам Магілёўскай вобласці прапануюць прыдумаць дэвіз акцыі «Тыдзень лесу»

Рэспубліканская акцыя «Тыдзень лесу» пройдзе ў Беларусі з 13 па 20 красавіка. Яе арганізатарам традыцыйна выступіць Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, паведамілі ў прэс-службе ведамства.

«Упершыню ў межах падрыхтоўкі да правядзення акцыі жыхарам Сінявокай прапануюць стаць аўтарамі дэвізу мерапрыемства. Асноўныя патрабаванні да слогана: ён павінен быць ёмістым і адлюстроўваць тэматычную накіраванасць акцыі», – падкрэслілі спецыялісты.

Паўдзельнічаць у конкурсе можа кожны ахвотны. Для гэтага да 6 сакавіка ўключна неабходна накіраваць свае прапановы на электронную пошту info@mlh.gov.by. У лісце таксама неабходна ўказаць кантакты адпраўніка (мабільны тэлефон). Пасля заканчэння тэрміну прыёму дэвізаў арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні акцыі апрацуе дасланыя варыянты, найлепшы з якіх стане афіцыйным дэвізам мерапрыемства і будзе размешчаны на рэкламнай і сувенірнай прадукцыі. Аўтар найлепшага дэвіза атрымае ад арганізатараў акцыі памятны сувенір.

Рэспубліканская акцыя «Тыдзень лесу» ў гэтым годзе пройдзе ўжо ў дванаццаты раз. Галоўная мэта мерапрыемства – папулярызацыя беражлівых адносін сярод насельніцтва да аднаго з галоўных прыродных рэсурсаў краіны, узмацненне экалагічнай, эканамічнай і сацыяльнай ролі лясоў. У гэтым годзе акцыя будзе прысвечана Году малой радзімы і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Як паказвае статыстыка, штогод да мерапрыемства далучаецца ўсё большая колькасць беларусаў. Так, у 2018 годзе ў акцыі ўзялі ўдзел больш за 83 тысячы чалавек. Усяго за 7 дзён рукамі неабыякавых беларусаў было высаджана больш за 25 млн. дрэў.

У мерапрыемстве традыцыйна актыўны ўдзел прымаюць прадстаўнікі бізнесу, грамадскіх арганізацый, спартыўных аб’яднанняў, школ і г. д. Акрамя таго, добраахвотную акцыю шырока падтрымліваюць кіраўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, кантралюючых органаў, дэпутацкі корпус.

У прэс-службе паведамілі, што ў Беларусі лясы з’яўляюцца адным з асноўных аднаўляльных прыродных рэсурсаў і найважнейшых нацыянальных багаццяў. Па шэрагу ключавых паказчыкаў, якія характарызуюць лясны фонд (лясістасць тэрыторыі, плошча лясоў і запас драўніны ў пераліку на аднаго жыхара), Беларусь уваходзіць у першую дзясятку лясных дзяржаў Еўропы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая